«Джон Рэткліф — цудоўны чалавек. Ён ачольвае ЦРУ... Вядома, магчыма, нешта з гэтага выйдзе. Мы робім усе намаганьні, каб завяршыць гэтую вайну, і, шчыра кажучы, цяпер абодва бакі хочуць, каб яна скончылася», — сказаў Дональд Трамп у інтэрвію амэрыканскаму радыёвядоўцу Глену Бэку, якое выйшла ў этэр 26 жніўня.
25 жніўня дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф ажыцьцявіў неабвешчаны візыт у Маскву. Прычына візыту невядомая. Абазнаныя амэрыканскія службоўцы пацьвердзілі Радыё Свабода, што Рэткліф пабываў у Маскве, але адмовіліся паведаміць, з кім ён сустракаўся і пра што гаварыў.
У Крамлі заявілі, што падчас візыту Рэткліф кантактаваў з прадстаўнікамі расейскіх спэцслужбаў, але з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным не сустракаўся.
Журналіст Axios Барак Равід напісаў, што ўлады ЗША папрасілі Ўкраіну спыніць удары па тэрыторыі Расеі на час візыту Рэткліфа.
The Wall Street Journal назвала некалькі імаверных прычын візыту: магчымая мабілізацыя ў Расеі, узмацненьне атак Украіны на тэрыторыю Расеі, вайна з Іранам, магчымая правакацыя Масквы супраць краін NATO.
Папярэдні візыт кіраўніка ЦРУ ў Маскву адбыўся ў лістападзе 2021 году, за некалькі месяцаў да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Тады ЦРУ ўзначальваў Уільям Бэрнз.
Што папярэднічала
У пачатку жніўня дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што ЗША «найбліжэйшымі тыднямі» прыкладуць намаганьні, каб праясьніць, ці магчымае аднаўленьне мірных перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай.
Кіеў ня раз заяўляў пра гатоўнасьць да мірных перамоваў і спыненьня агню.
24 жніўня, у 35-ю гадавіну незалежнасьці Ўкраіны, больш за 50 дзяржаваў — сяброў ААН заклікалі Расею пагадзіцца на поўнае, неадкладнае і безумоўнае спыненьне агню ва Ўкраіне і на аднаўленьне мірных перамоваў. Расейскі прадстаўнік Васілій Нябензя адхіліў гэтыя заклікі.
Форум