У ноч на 16 жніўня дроны масава атакавалі Маскоўскую і Растоўскую вобласьці Расейскай Фэдэрацыі, ёсьць загінулыя і параненыя, паведамляюць маніторынгавыя каналы і ўрадавыя чыноўнікі.
Паводле слоў губэрнатара Андрэя Вараб’ёва, Маскоўская вобласьць пацярпела ад аднаго з найбуйнейшых нападаў за апошні час, у гэтым рэгіёне загінуў адзін пажылы мужчына, яшчэ трое чалавек атрымалі раненьні.
У горадзе Падольск у выніку ўдараў бесьпілётнікаў загарэўся склад Wildberries у індустрыяльным парку Каледзіна, паведаміў Варабʼёў. Ён дадаў, што супрацоўнікаў адвезьлі ў сховішча, ніхто не пацярпеў. Маніторынгавыя каналы публікуюць фота і відэа наступстваў удару.
У выніку нападу ў падмаскоўным Дамадзедаве загарэўся склад з лекамі, паведаміў Варабʼёў.
З вечара 15 жніўня ў Маскву ляцелі яшчэ 600 дронаў, паведаміў мэр сталіцы Сяргей Сабянін. Паводле яго слоў, у Маскоўскай вобласьці быў знішчаны 201 дрон. У выніку нападаў каля МКАД тры чалавекі атрымалі раненьні. Сабянін не ўдакладніў абставіны, пры якіх гэта адбылося.
Пацярпела і Растоўская вобласьць Расеі. Тры чалавекі загінулі, яшчэ адзін атрымаў раненьні, паведаміў губэрнатар Юрый Слюсар. Чыноўнік не ўдакладніў, які абʼект быў мэтай удару.
Wildberries паскарае будаўніцтва лягістычнага цэнтру ў «Вялікім камені»
Расейская кампанія Wildberries паскоранымі тэмпамі завяршае будаўніцтва лягістычнага цэнтру ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» пад Менскам. Кампанія ўжо набірае беларускіх супрацоўнікаў, а расейскія спэцыялісты прыехалі для іх падрыхтоўкі.
Пасьля ўкраінскіх удараў па складах Wildberries у Расеі беларускі цэнтар можа стаць дадатковай лягістычнай пляцоўкай кампаніі. Аднак эканамічны аглядальнік Аляксандар Кныровіч лічыць, што сур’ёзных рызыкаў для Беларусі пакуль ня бачыць. Паводле яго, беларускія склады ў 10–15 разоў меншыя за расейскія і ня змогуць іх замяніць. За апошнія тыдні былі атакаваныя больш за дзясятак складоў кампаніі ў розных рэгіёнах Расеі.
Украінскія вайскоўцы пакуль не камэнтуюць гэтыя ўдары
З пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі розныя абʼекты на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, а таксама ў акупаваных рэгіёнах Украіны, падвяргаліся авіяўдарам. Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны пацьвердзіў большаюць нападаў, заявіўшы, што Армія абароны Украіны «сыстэматычна рэалізуе меры, накіраваныя на зьніжэньне баявога патэнцыялу расейскіх акупацыйных войскаў, а таксама на прымушэньне Расейскай Фэдэрацыі спыніць узброеную агрэсію супраць Украіны».
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум