У Менскай вобласьці праверка сыстэмы апавяшчэньня пройдзе 16 красавіка з 9.00 да 13.00,паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў Беларусі.
У Магілёве праверкі будуць праходзіць з 15 па 17 красавіка, паведамілі ў мясцовым гарвыканкаме. У гэты час у Магілёве будуць праводзіць вучэньні цывільнай абароны, таму тры дні запар трэба быць гатовымі да сырэнаў і паведамленьняў ад МНС.
У Гомельскай вобласьці сырэны завыюць 17 красавіка. «Гэта штомесячная тэхнічная праверка электрасырэннага абсталяваньня», — патлумачылі ў прэс-службе Гомельскага аблвыканкаму.
Ува ўсіх трох выпадках у выпадку гучаньня сырэн беларусаў просяць захоўваць спакой і зазначаюць, што ніякіх дзеяньняў не патрабуецца.
8 красавіка сырэны гучалі на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці. Плянавыя тэхнічная праверкі сыстэмы апавяшчэньня насельніцтва на Берасьцейшчыне, згодна з паведамленьнямі МНС, таксама праводзілі 27 сакавіка, 11 сакавіка, 25 лютага і 11 лютага.
20 сакавіка і 30 студзеня аналягічныя праверкі праводзілі ў Гомельскай вобласьці.
13 сакавіка праверкі сыстэмы апавяшчэньня анансавалі па ўсёй краіне. У этэры FM-радыёстанцыяў трансьлявалі паведамленьне: «Увага! Праводзіцца тэхнічная праверка сыстэмы апавяшчэньня. Тэхнічная праверка завершаная».
Аб прычынах такіх частых праверак сыстэмаў апавяшчэньня ўлады не паведамляюць. Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што, з выняткам Магілёўскай вобласьці, гэта адбывалася ў вобласьцях, якія мяжуюць з Украінай, куды рэгулярна залятаюць бесьпілётнікі, імаверна, расейскія. У Беларусі зафіксавалі некалькі выпадкаў падзеньня дронаў на будынкі, аднак інфармацыі пра тое, што пры залёце на тэрыторыю Беларусі дронаў уключаюць сыстэмы апавяшчэньня, няма.
4 кастрычніка 2024 году Аляксандар Лукашэнка прызнаў факты парушэньня мяжы баявымі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускі бок іх зьбівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расейскія. Сёлета 13 красавіка камандуючы ВПС і войскамі СПА Ўзброеных сілаў Андрэй Лук’яновіч заявіў, што з пачатку 2025 году ў Беларусі зафіксавалі 128 парушэньняў паветранай прасторы і зьнішчылі 18 бесьпілётнікаў самалётнага тыпу.
З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сыстэмы апавяшчэньня сыстэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюць рэпрадуктары на вуліцах, празь якія гучаць паведамленьні і сырэны.
- Аўтаматызаваная сыстэма цэнтралізаванага апавяшчэньня прызначаная для інфармаваньня жыхароў, органаў улады, а таксама структураў сыстэмы цывільнай абароны, папярэджаньня і ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў, пра пагрозу або ўзьнікненьне надзвычайных сытуацыяў прыроднага і тэхнагеннага характару, пра хаду іх ліквідацыі, правілы паводзінаў насельніцтва ў гэтых умовах. Звычайна сыстэма запускае перадачу сыгналу «Ўвага ўсім!» з дапамогай электрасырэнаў і дынамікаў, а таксама паведамляе пра надзвычайную сытуацыю праз тэле- і радыёканалы, рассылае кароткія паведамленьні абанэнтам мабільнай сувязі.
Форум