Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі істотна павялічацца сумы страхавых выплатаў аўтамабілістам па «эўрапратаколе»


ДТЗ, ілюстрацыйнае фота
ДТЗ, ілюстрацыйнае фота

У краіне істотна вырастаюць сумы, якія належыць выплаціць згодна з «эўрапратаколам».

З 23 красавіка 2025 году ліміт страхавой кампэнсацыі пры афармленьні ДТЗ бяз выкліку ДАІ павялічыцца амаль у паўтара раза. Цяпер замест ранейшых 800 эўра можна будзе атрымаць да 150 базавых велічыняў, што складае 6300 рублёў (звыш 1700 эўра).

Указ № 108 «Аб страхаваньні» падпісаны 18 сакавіка 2025 году і апублікаваны на Нацыянальным праўным партале. У Галоўным упраўленьні ДАІ МУС пацьвердзілі, што дакумэнт уступае ў сілу 23 красавіка 2025 году.

Так званы «эўрапратакол» — спрошчаная працэдура афармленьня ДТЗ, якая дазваляе кіроўцам вырашыць усё на месцы, без прыцягненьня супрацоўнікаў ДАІ. Дзякуючы новым правілам карыстацца эўрапратаколам стане больш выгадна, асабліва пры нязначных аварыях, адзначае выданьне «Белорусы и рынок».

Умовы, пры якіх можна выкарыстоўваць «эўрапратакол»:

  • У ДТЗ удзельнічалі толькі два аўтамабілі;
  • Ніхто не пацярпеў;
  • Абодва кіроўцы маюць дзейны страхавы поліс;
  • Кіроўцы цьвярозыя і маюць пасьведчаньні кіроўцы;
  • Кіроўцы згодныя з абставінамі аварыі і ня маюць спрэчак.


Блянк павінен быць запоўнены на месцы здарэньня. Усе разьдзелы блянку маюць быць запоўненыя ахайна, без памылак і выпраўленьняў. Як правіла, страхавыя кампаніі не прымаюць дакумэнты з выпраўленьнямі. Лепш, калі абодва ўдзельнікі ДТЗ папярэдне прагавораць усе моманты і высьветляць усе падрабязнасьці ДТЗ і пасьля гэтага пачнуць запаўняць блянк.

Паводле правілаў абавязковага страхаваньня ўдзельнікі здарэньня абавязаныя абмяняцца зьвесткамі. Пацярпелы зацікаўлены ў праверцы дакумэнтаў у вінаватага.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG