У Беларусі падрыхтаваныя пляцоўкі для разьмяшчэньня расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік», паведаміў у этэры тэлеканалу «Беларусь 1» дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, піша Позірк.
Паводле яго словаў, гэты комплекс «хоць і мабільны, але ўсё роўна падрыхтаваныя месцы».
«Мы захавалі гэта яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. Думаю, што да канца году мы выканаем даручэньні двух прэзыдэнтаў, якія пастаўленыя перад намі, вайскоўцамі ў прыватнасьці», — сказаў службовец.
У Беларусь засталіся з часоў СССР шахты для ўстаноўкі балістычных ядзерных ракет, якія вывезьлі з краіны ў Расею паводле Будапэшцкага мэмарандуму.
Вальфовіч таксама заявіў, што Беларусь неўзабаве перадасьць Расеі машыны, на якіх будзе ўсталёўвацца «Арэшнік». Вальфовіч назваў гэтае ўзбраеньне «як бы прадуктам Саюзнай дзяржавы».
«Бо база — машына асноўная — вырабляецца на прадпрыемствах вайскова-прамысловага комплексу ў Рэспубліцы Беларусі, а сродак паражэньня — ракеты — у Расейскай Фэдэрацыі. Мы завяршаем выраб неабходнай колькасьці гэтых машын, якія неўзабаве будуць перададзены Расійскай Фэдэрацыі, каб усталяваць на іх сродак паражэньня», — сказаў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі.
14 сакавіка, выступаючы ў Савеце Фэдэрацыі Расеі, Аляксандар Лукашэнка сярод іншага заявіў, што Масква перадасьць Беларусі некалькі ракетных комплексаў «Арэшнік» да канца году. Пускавыя ўстаноўкі да ракетнага комплексу, зазначыў ён, вырабляюць у Беларусі.
26 студзеня Лукашэнка заявіў журналістам, што «Арэшнік» будзе дастаўлены ў Беларусь «з дня на дзень». Пры гэтым аб тэрмінах пастаўкі ён сказаў: «гэта не гарыць».
Паводле слоў Лукашэнкі, ён «пажартаваў», калі раней заяўляў аб неабходнасьці разьмясціць у Беларусі 10 такіх ракетных комплексаў. Пуцін зрабіў яму на гэты конт «заўвагу», бо Расея не абяцала такой колькасьці гэтага ўзбраеньня, дадаў ён.
Упершыню аб жаданьні разьмясьціць «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада 2024 году на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).
Форум