Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адкрылі новы комплекс для памежнай заставы «Нароўля» на мяжы з Украінай


Так выглядае новы комплекс памежнай заставы «Нароўля» Мазырскага памежнага атраду, 11 сакавіка 2025 году
Так выглядае новы комплекс памежнай заставы «Нароўля» Мазырскага памежнага атраду, 11 сакавіка 2025 году

Новы комплекс пабудавалі «ў сувязі з новымі рызыкамі з боку сумежнай дзяржавы».

У Дзяржаўным памежным камітэце паведамілі аб адкрыцьці новага комплексу памежнай заставы «Нароўля» Мазырскага памежнага атраду.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, гэты падразьдзел пачаў ахоўваць мяжу з Украінай 31 кастрычніка 2018 году.

Спачатку памежнікі месьціліся ў адным з памяшканьняў, што належала Нараўлянскай перасоўнай мэханізаванай калёне. На яе тэрыторыі быў разьмешчаны комплекс службовых, спальных і складзкіх памяшканьняў.

«У сувязі з новымі рызыкамі з боку сумежнай дзяржавы, а таксама павелічэньнем 3 траўня 2021 году ўчастку, які падлягаў ахове, памежны пост „Нароўля“ пераўтварылі ў памежную заставу», — патлумачылі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

Новы комплекс пачалі будаваць у канцы лютага 2023 году. На тэрыторыі комплексу, апроч жылых памяшканьняў, абсталявалі месцы для захоўваньня і рамонту тэхнікі, гадавальнік для службовых сабак. Для заняткаў пабудавалі гарадок памежнай службы і спартовыя аб’екты.

Памежная застава «Нароўля» ахоўвае ўчастак дзяржаўнай мяжы з Украінай, даўжэйшы за 60 кілямэтраў. Мяжа праходзіць па тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка. На гэтай тэрыторыі шмат балот.


  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Пасьля гэтага Ўкраіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
  • Да студзеня 2023 году ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны замінавалі ўвесь памежны пэрымэтар зь Беларусьсю, апроч балотных участкаў — агульнай працягласьцю 229 кілямэтраў. Агулам у канцы 2023 году шчыльнасьць усталяваных мінаў на памежнай з Расеяй і Беларусьсю тэрыторыі з чэрвеня 2022 году павялічылі ў 16 разоў і паставілі больш за 500 тысяч супрацьтанкавых мін.
  • Украіна працягвае ўмацоўваць свае межы ў беларускім кірунку, ствараючы шматузроўневыя лініі абароны з інжынэрнымі фартыфікацыямі, супрацьтанкавымі равамі і мінна-выбуховымі загародамі.
  • У Беларусі таксама збудавалі абарончыя ўмацаваньні на мяжы з Украінай.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG