Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск паведаміў пра плян вайсковай падрыхтоўкі для ўсіх польскіх мужчын


Выступ Дональда Туска ў Сэйме, 7 сакавіка 2025
Выступ Дональда Туска ў Сэйме, 7 сакавіка 2025

Пра гэта прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, выступаючы ў парлямэнце, паведамляе BBC.

Робяцца намаганьні, каб «увесьці шырокамаштабную вайсковую падрыхтоўку для кожнага дарослага мужчыны ў Польшчы», паведаміў Туск у Сэйме.

«Мы паспрабуем да канца гэтага году падрыхтаваць мадэль, каб кожны дарослы мужчына ў Польшчы быў падрыхтаваны на выпадак вайны, каб гэтая рэзэрва была супастаўная і адэкватная патэнцыйным пагрозам», — заявіў прэмʼер.

Ён сказаў, што ва ўкраінскай арміі 800 тысяч вайскоўцаў, у той час як у Расеі каля 1,3 мільёна, і ён хоча павялічыць колькасьць польскай арміі, уключаючы рэзэрвістаў, да 500 тысяч зь цяперашніх прыблізна 200 тысяч.

«Гаворка ідзе пра неабходнасьць мець у Польшчы паўмільённае войска, уключаючы рэзэрвістаў», — сказаў ён.

Паводле яго, трэба, «каб тыя, хто не ідзе ў армію, былі паўнавартаснымі салдатамі падчас канфлікту».

Туск сказаў, што жанчыны таксама могуць праходзіць вайсковую падрыхтоўку, але «вайна па-ранейшаму ў большай ступені застаецца справай мужчын».

Прэмʼер-міністар Польшчы заявіў, што ягоны ўрад таксама «ўважліва вывучае» прапанову Францыі аб уключэньні Эўропы пад свой ядзерны парасон.

Туск адзначыў, што ва Ўкраіну ўварваліся пасьля таго, як яна пазбавілася ўласнага ядзернага арсэналу, дадаўшы, што Варшава хацела б мець уласную ядзерную зброю, хай сабе і ў аддаленай пэрспэктыве.

«Сёньня відавочна, што мы былі б у большай бясьпецы, калі б у нас быў уласны ядзерны арсэнал, гэта бясспрэчна. У любым выпадку шлях да гэтага быў бы вельмі доўгі, і тут таксама павінен быць кансэнсус», — сказаў ён.

Сёлета Польшча ўжо плянуе выдаткаваць на абарону 4,7% свайго ВУП — гэта самы высокі паказчык у NATO.

Туск заявіў у парлямэнце, што выдаткі павінны павялічыцца да 5% ВУП.

Прэмʼер-міністар дадаў, што падтрымлівае выхад Польшчы з Атаўскай канвэнцыі, якая забараняе выкарыстаньне супрацьпяхотных мін, а таксама, магчыма, з Дублінскай канвэнцыі, якая забараняе выкарыстаньне касэтных боепрыпасаў.

Польшча падпісала са Злучанымі Штатамі кантракты на пастаўкі зброі на суму каля 20 мільярдаў даляраў. Гаворка пра закуп 250 танкаў M1A2 Abrams, 32 рэактыўных самалётаў F-35, 96 верталётаў Apache, ракет Javelin і рэактыўных артылерыйскіх сыстэм.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG