Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Прэм’ер Вялікай Брытаніі заявіў аб гатоўнасьці разьмясьціць войскі ва Ўкраіне для забесьпячэньня мірных дамоў

Прэм’ер Вялікай Брытаніі заявіў аб гатоўнасьці разьмясьціць войскі ва Ўкраіне для забесьпячэньня мірных дамоў


Прэм'ер Вялікай Брытаніі Кір Стармэр (справа) з канцлэрам Нямеччыны Оляфам Шольцам. Архіўнае фота
Прэм'ер Вялікай Брытаніі Кір Стармэр (справа) з канцлэрам Нямеччыны Оляфам Шольцам. Архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр заявіў, што ён «гатовы і жадае» разьмясьціць брытанскія войскі ва Ўкраіне, каб дапамагчы забясьпечыць выкананьне патэнцыйнай мірнай дамовы, якая спыніць баявыя дзеяньні.

У артыкуле ад 16 лютага ў Daily Telegraph, Кір Стармэр напісаў, што гэтае рашэньне не далося яму «лёгка», але ён мяркуе, што такая місія можа дапамагчы гарантаваць бясьпеку Брытаніі і ўсяму эўрапейскаму кантынгенту.

Камэнтары Стармэра — яго першыя публічныя заявы аб накіраваньні міратворцаў ва Ўкраіну — зьявіліся перад сустрэчай эўрапейскіх лідэраў у Парыжы 17 лютага, каб абмеркаваць вайну, і ў той час, калі павялічваюцца асьцярогі, што Вашынгтон можа падпісаць дамову з Расеяй, якая супярэчыць інтарэсам эўрапейскай бясьпекі.

«Вялікая Брытанія гатова адыграць вядучую ролю ў паскарэньні працы дзеля гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны. Гэта ўключае далейшую падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў, на якую Брытанія ўжо выдзяляе 3 мільярды фунтаў стэрлінгаў на год прынамсі да 2030 году», — напісаў ён.

«Але гэта таксама азначае гатоўнасьць жаданьне зрабіць унёсак у забесьпячэньне гарантый бясьпекі Ўкраіне шляхам разьмяшчэньня нашых уласных войскаў на месцах, калі гэта неабходна. Я не кажу гэта лёгка. Я вельмі глыбока адчуваю адказнасьць, зьвязаную з патэнцыйнай пагрозай для брытанскіх вайскоўцаў», — дадаў Стармэр.

У той жа час ён адзначыў, што любая роля ў садзейнічаньні гарантыям бясьпекі Ўкраіны дапамагае гарантаваць бясьпеку Эўропе і Брытаніі.

«Канец гэтай вайны, калі ён будзе, ня можа проста стаць часовай паўзай перад тым, як [прэзыдэнт Расеі Ўладзімір] Пуцін зноў будзе атакаваць», — падкрэсьліў брытанскі прэм’ер.

The Telegraph паведамляў, што Вялікая Брытанія і Францыя абмяркоўвалі накіраваньне міратворцаў ва Ўкраіну для выкананьня магчымай мірнай дамовы паміж Украінай і Расеяй, хоць гэтая ідэя не зьяўляецца агульнапрынятай у Эўрапейскім Зьвязе.

Згодна з паведамленьнем, афіцыйны прадстаўнік, знаёмы з думкай Стармэра, заявіў, што ягонае рашэньне абнародаваць свае намеры напярэдадні Парыскага саміту было часткова зьвязанае з заўвагамі прадстаўнікоў ЗША на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі, у якіх гаварылася, што Эўропе давядзецца адыграваць большую ролю ва ўласнай абароне.

Стармэр далучыцца да лідэраў Францыі, Нямеччыны, Італіі, Польшчы, Гішпаніі, Нідэрляндаў, Даніі, Эўрапейскай камісіі, Эўрапейскай рады і NATO у Парыжы.

«Наступныя вырашальныя дні будуць вызначаць будучую бясьпеку нашага кантынэнту. Як я скажу ў Парыжы, мір прыходзіць дзякуючы сіле. Але праўда і ў адваротным. Слабасьць вядзе да вайны. Гэта момант для ўсіх нас, каб актывізавацца, — і Злучанае Каралеўства зробіць гэта, таму што гэта правільна для каштоўнасьцяў і свабод, якія для нас важныя, і таму, што гэта зьяўляецца фундамэнтальным для нашай уласнай нацыянальнай бясьпекі», — напісаў прэм’ер Вялікай Брытаніі ў сваім артыкуле.

Плянуецца, што Стармэр перадасьць прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу вынікі парыскіх дыскусій на сустрэчы, якая, імаверна, адбудзецца ў Вашынгтоне пазьней у лютым.

Трамп адпраўляе групу высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША ў Саўдаўскую Арабію для абмеркаваньня вайны з расейскімі афіцыйнымі асобамі, хоць усе дэталі і час гэтых перамоў не абвяшчаюцца. Ва Ўкраіне паведамілі, што яе прадстаўнікоў на гэтую сустрэчу не запрашалі.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё 16 лютага спрабаваў заспакоіць Украіну і Эўропу, і паабяцаў, што іх прадстаўнікі будуць удзельнічаць у любых «рэальных перамовах» аб спыненьні вайны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG