Прэзыдэнт Дональд Трамп 11 лютага прывітаў у Белым доме амэрыканскага настаўніка, вызваленага Масквой. Сустрэча адбылася пасьля таго, як самалёт з Маркам Фогелем на борце прызямліўся на тэрыторыі ЗША.
Трамп заявіў, што расейцы былі «вельмі справядлівымі», пагадзіўшыся на яго вызваленьне і даўшы зразумець, што чакаецца вызваленьне яшчэ аднаго амэрыканца 12 лютага.
Трамп сказаў, што вяртаньне Марка Фогеля пасьля трох з паловай гадоў у расейскай турме таксама ёсьць паказьнікам «добрай волі Расеі ў пляне вайны» ва Ўкраіне. Трамп спадзяецца завяршыць яе мірнай дамовай.
Марк Фогель сказаў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «быў вельмі вялікадушным і паліткарэктным, даўшы мне памілаваньне». Ён таксама падзякаваў Стыву Віткафу, адмысловаму прадстаўніку Трампа, які наведаў Расею 11 лютага, сустрэўся з Пуціным і суправаджаў Фогеля ў яго рэйсе назад у ЗША.
Трамп ня стаў удакладняць, хто будзе вызвалены 12 лютага, і нават не пацьвердзіў, што гэта будзе той, хто ў цяперашні час знаходзіцца пад вартай у Расеі. Ён сказаў, што гэты чалавек быў «вельмі асаблівым» і знаёмым СМІ.
Фогель быў асуджаны на 14 гадоў у расейскай турме пасьля затрыманьня расейскай паліцыяй у 2021 годзе за захоўваньне мэдычнай марыхуаны, якую, паводле яго, прапісалі яму пасьля апэрацыі на сьпіне. Асудзілі амэрыканца праз год.
На пытаньне журналістаў, што Расея атрымала ўзамен на вызваленьне, Трамп адказаў: «няшмат».
Хто такі Марк Фогель
Марк Фогель раней выкладаў у Ангельска-амэрыканскай школе ў расейскай сталіцы. Ён быў адным зь некалькіх амэрыканцаў, арыштаваных за апошнія гады ў Расеі па фальшывых абвінавачаньнях і асуджаных на вялікія тэрміны. Вашынгтон назваў большасьць гэтых людзей «закладнікамі» Крамля, схопленымі Расеяй, каб быць разьменнай манэтай для вызваленьня расейцаў з турмаў на Захадзе пасьля таго, як іх прызналі вінаватымі ў сур’ёзных злачынствах.
Сям’я Фогеля жыве ў Пэнсыльваніі, у тым ліку ягоная 95-гадовая маці, якая дамагалася яго вызваленьня пасьля таго, як ён быў выключаны з абменаў зьняволенымі, узгодненых пры прэзыдэнту Джо Байдэну, уключаючы вызваленьне ў сьнежні 2022 году зоркі жаночай баскетбольнай НБА Брытні Грынэр у абмен на міжнароднага гандляра зброяй Віктара Бута і абмен былога марскога пяхотніка ЗША Трэвара Рыда на наркагандляра Канстанціна Ярошчанку ў красавіку таго ж году.
Папярэдні абмен
Значна большы абмен адбыўся ў жніўні 2024 году, калі Расея вызваліла 16 чалавек, у тым ліку журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву, рэпартэра Wall Street Journal Эвана Гершковіча і кіраўніка карпаратыўнай бясьпекі Мічыгана Пола Ўілана. Восем расейцаў былі вернутыя дадому падчас гэтага найбуйнейшага абмену зьняволенымі з часоў заканчэньня халоднай вайны.
Апроч Фогеля, гэтая ўгода пакінула за расейскімі кратамі яшчэ некалькіх амэрыканцаў, якія раней апынуліся ў расейскіх турмах, у тым ліку музыку Майкла Трэвіса Ліка, сяржанта арміі ЗША Гордана Блэка і расейска-амэрыканскую балерыну Ксенію Карэліну.
Нягледзячы на тое, што Белы дом ня даў інфармацыі аб тым, каго і што ён прапанаваў у абмен на Фогеля, ёсьць шэраг вядомых расейцаў, асуджаных у Злучаных Штатах, чые імёны ўсплылі ў кантэксце папярэдніх абменаў зьняволенымі.
Адзін зь іх Аляксандар Віньнік, вядомы як Містэр Біткойн, якога арыштавалі ў 2017 годзе на грэцкім пляжы і экстрадавалі праз Францыю, дзе ён таксама быў у вышуку, у ЗША ў 2022 годзе, каб яму было выстаўлена абвінавачаньне ў адмываньні грошай.
Віньніка заходнія ўлады трымаюць амаль 8 гадоў. Расейскія кібэрзлачынцы, якія прызнаюць сябе вінаватымі, рэдка атрымліваюць больш за 10-гадовы тэрмін зьняволеньня, паказала расьсьледаваньне Свабодай больш як дзясятка апошніх справаў.
Форум