Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйную партыю кансэрватараў Літвы ачоліць Лаўрынас Кашчунас. Што ён казаў пра Беларусь


Лаўрынас Кашчунас, тагачасны міністар абароны Літвы, на палігоне ў Падбродзьдзі дэманстраваў першы з 27 паркаў контрамабільнасьці, якія ствараюць на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй на выпадак агрэсіі, 22 жніўня 2024. Ілюстрацыйнае фота
Лаўрынас Кашчунас, тагачасны міністар абароны Літвы, на палігоне ў Падбродзьдзі дэманстраваў першы з 27 паркаў контрамабільнасьці, якія ствараюць на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй на выпадак агрэсіі, 22 жніўня 2024. Ілюстрацыйнае фота

Лаўрынас Кашчунас вядомы сваімі рэзананснымі заявамі і ініцыятывамі абмежаваньняў для беларусаў у Літве.

Новым кіраўніком партыі «Зьвяз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты» Літвы стаў колішні міністар абароны Лаўрынас Кашчунас, які атрымаў 80% галасоў аднапартыйцаў.

Як паведаміла выданьне delfi.lt, пасьля падліку галасоў па ўсёй Літве высьветлілася, што 43-гадовы Лаўрынас Кашчунас атрымаў найбольш галасоў — 13 488. Тэрмін паўнамоцтваў новага кіраўніка партыі пачнецца пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў на зьезьдзе палітычнай партыі.

Папярэдні лідэр партыі, Габрыелюс Ландсбергіс, які ў мінулым урадзе працаваў міністрам замежных спраў Літвы, пайшоў у адстаўку пасьля няўдалых для сваёй партыі і кіроўнай кааліцыі выбараў.

На лідэрства ў партыі прэтэндавалі таксама віцэ-сьпікер Радвіле Маркунайце-Мікуленене (2942 галасы), экс-міністар абароны Арвідас Анушаўскас (392 галасы), дэпутат Жыгімантас Павілёніс (298 галасоў) і старшыня Юрбарскага аддзяленьня партыі Дайварас Рыбаковас (59 галасоў).

Экс-прэмьер-міністарка Інгрыда Шыманіце адмовілася ад удзелу ў выбарах старшыні партыі. Пасьля яе заявы фаварытам стаў Лаўрынас Кашчунас. У публічнай прасторы гаварылі аб тым, што ягоная перамога можа зьмяніць ідэалягічны кірунак гэтай палітычнай сілы. Адзначалася, што Кашчунас прадстаўляе хрысьціян-дэмакратаў, кансэрватыўнае крыло партыі. Нямала пытаньняў выклікала і мінулае палітыка ў Літоўскай нацыянал-дэмакратычнай партыі — ён быў намесьнікам старшыні гэтай партыі, нэанацыста Міндаўгаса Гервалдаса-Мурзы. Аднак гэты этап Кашчунас сам назваў памылкай «юнацкага энтузіязму».

Выбары, на якіх галасавалі сябры партыі і яе прыхільнікі, адбыліся 9 лютага.

Што Кашчунас казаў пра Беларусь

У час сваёй дзейнасьці дэпутатам у мінулым складзе парлямэнту і пазьней на пасадзе міністра абароны Лаўрынас Кашчунас стаў вядомы сваімі рэзананснымі заявамі і ініцыятывамі наконт неабходнасьці абмежаваньняў для беларусаў у Літве.

У прыватнасьці, палітык прапанаваў пазбаўляць дазволаў на жыхарства грамадзян Беларусі і Расеі, якія рэгулярна езьдзяць на радзіму, і заяўляў, што будзе дамагацца далейшага ўзмацненьня абмежаваньняў для расейцаў і беларусаў.

Акрамя гэтага, Кашчунас ініцыяваў скасаваньне магчымасьці балятавацца і галасаваць на муніцыпальных выбарах для грамадзян Расеі і Беларусі, якія маюць права стала пражываць у Літве. Свае рашэньні ён тлумачыў тым, што беларусы, на яго думку, не пратэставалі супраць вайны ва Ўкраіне. Ён таксама занепакоены «літвінствам» беларусаў.

У студзені 2024 году ўрад Літвы паводле ініцыятывы Лаўрынаса Кашчунаса зацьвердзіў сьпіс краінаў, у якія вайскоўцам і службовым асобам забаронена выяжджаць, бо гэтыя дзяржавы нясуць «пагрозу нацыянальнай бясьпецы». У сьпіс увайшлі тры краіны — Беларусь, Кітай і Расея.

У сьнежні 2024 году Сейм прыняў папраўкі да законаў, паводле якіх асобаў, якія маюць грамадзянства Беларусі, Расеі ці Кітаю, ня будуць прымаць на прафэсійную вайсковую службу, на службу ў добраахвотніцкіх сілах або іншую добраахвотную непастаянную вайсковую службу, а таксама на абавязковую вайсковую службу. Вайскоўцаў, якія мелі грамадзянства Расеі ці Беларусі павінны былі звольніць са службы паводле новага заканадаўства. Гэтыя прапановы ў парлямэнт унёс урад на прапанову Міністэрства абароны, якое тады ачольваў Лаўрынас Кашчунас.

У пачатку 2025 году пасьля анансаваньня Сьвятланай Ціханоўскай выпуску «пашпарта Новай Беларусі» з выявай герба «Пагоня» Лаўрынас Кашчунас зьвярнуўся да міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса з просьбай забясьпечыць, каб у беларускіх дакумэнтах «не выкарыстоўваліся дзяржаўныя сымбалі Літоўскай Рэспублікі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG