У Шуміліне за «экстрэмізм» судзяць хірурга
Судзяць загадчыка хірургічнага аддзяленьня Шумілінскай лякарні.
Судовае пасяджэньне ў дачыненьні да Ігара Гудкова прызначылі на 31 студзеня. Лекару, загадчыку хірургічнага аддзяленьня Шумілінскай раённай лякарні ставяць у віну ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Судзіць яго Іна Грабоўская, піша «Вясна».
Летась Гудкоў атрымаў падзяку ад міністра аховы здароўя Беларусі.
У Менскім гарадзкім судзе паўторна судзяць палітвязьня
31 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе распачаўся суд над палітзьняволеным Арцёмам Ліцевічам. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня») і арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Справу разглядае судзьдзя Сьвятлана Чарапанава, піша «Вясна».
Раней яго ўжо асудзілі за заклікі да сакцый (арт. 361 КК) і ўдзел у мірным сходзе (арт. 342 КК). Вынік суду быў невядомы. У канцы студзеня 2025 г. КДБ унёс Арцёма ў «сьпіс тэрарыстаў».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум