Як паведаміла выданьне LRT, такім чынам у замежнапалітычным ведамстве адрэагавалі на паведамленьні ў сацыяльных сетках, у якіх грамадзян Літвы запрашаюць на адпачынак у беларускія санаторыі.
«Мы заўважаем выпадкі, калі прадстаўнікі Літвы і іншых краін, якія адкрыта крытыкуюць беларускі рэжым, сутыкаюцца з затрыманьнямі або абмежаваньнем свабоды перамяшчэньня. Гэта можа выкарыстоўвацца як інструмэнт ціску на гэтыя дзяржавы», — сказаў намесьнік міністра замежных спраў Юлюс Пранявічус у інтэрвію радыё LRT 30 студзеня.
Паводле яго, цяпер у Беларусі працуе толькі адзін літоўскі дыплямат, што ўскладняе магчымасьці дапамогі ў крызісных сытуацыях.
Паводле зьвестак радыё LRT, паездкі ў беларускія санаторыі арганізоўваюць праз Латвію, а іх арганізатары сьцьвярджаюць, што грамадзяне Літвы ў Беларусі знаходзяцца ў бясьпецы.
Старшыня парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Гедрымас Яглінскас папярэдзіў, што ў часе такіх паездак літоўскія грамадзяне могуць быць завэрбаваныя для працы супраць Літвы; апроч таго, ім могуць падкінуць забароненыя рэчывы або прадметы.
«Рашэньне аб тым, ці зьяўляецца цікавым чалавек, вырашаюць беларускія спэцслужбы. Чалавек можа думаць, што проста гандлюе гароднінай на рынку, але ўрэшце спэцслужбы вырашаць, як яго выкарыстаць, і могуць задзейнічаць у геапалітычным шантажы», — сказаў Гедрымас Яглінскас.
Палітычны аналітык Марус Лаўрынавічус мяркуе, што арганізатары такіх паездак «робяць бізнэс на пагрозе нацыянальнай бясьпецы» і такую дзейнасьць трэба спыняць.
«МЗС Літвы настойліва рэкамэндуе грамадзянам краіны ўтрымацца ад паездак у Беларусь, а тым, хто ўжо знаходзіцца та, тэрмінова пакінуць краіну», — адзначыла выданьне.
Беларускія ўлады з палітычных матываў перасьледуюць ня толькі грамадзян сваёй краіны, пад рэпрэсіі трапляюць і іншаземцы.
Раней беларускія праваабаронцы нагадалі, што ў гомельскай жаночай калёніі адбывае тэрмін грамадзянка Літвы Алена Раманаўскене. 11 чэрвеня 2023 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў былой загадчыцы маркетынгавай службы санаторыя «Беларусь» 6 гадоў калёніі за «агентурную дзейнасьць». Паводле зьвестак «Вясны», жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна «неаднаразова падавала зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў».
Афіцыйныя крыніцы ў Беларусі паведамлялі, што жанчыну нібыта завэрбавалі літоўскія спэцслужбы. Працэс над літоўкай Аленай Раманаўскене праходзіў у закрытым рэжыме.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, сама меней 36 грамадзян замежных краін утрымліваюць у беларускіх вязьніцах з палітычных прычын.
Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады, паводле зьвестак праваабаронцаў, трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану. Грамадзяне Эстоніі ў апошняй справаздачы праваабаронцаў ня згадваліся, але зьвесткі праваабаронцаў могуць быць няпоўныя.
Форум