Дзьмітры Гарэлік працаваў кіраваў калектывам тэатру з 1992-га. У студзені 2024-га Гарэліка судзілі паводле ч. 2 ст. 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Пра ягоную сьмерць паведамляе «Люстэрка».
Праваабаронцы так і не даведаліся, у чым абвінавачвалі Гарэліка і якое рашэньне прыняў суд. Летась у жніўні стала вядома, што Дзьмітрыя Гарэліка звольнілі. Калі дакладна гэта адбылося, таксама невядома.
Тэатар лялек у Гомлі працуе з 1968 году. Пры дырэктару Гарэліку ён у 2002-м атрымаў новае памяшканьне і праз два гады ў яго пераехаў. Тэатар неаднаразова быў ляўрэатам і дыплямантам розных міжнародных фэстаў у Беларусі, Расеі, Украіне, Казахстане, Таджыкістане, Латвіі, Італіі, Гішпаніі, Славаччыне, Нямеччыне, Індыі і іншых краінах.
Звальненьні ў беларускіх тэатрах сталі рэгулярнымі. У канцы сьнежня 2023 году з драматычнага тэатру ў Маладэчне звольнілі мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенку (нібыта праз даўні канфлікт з дырэктарам). У канцы сакавіка звольнілі дырэктара Музычнага тэатру Сяргея Пукіту, які ўзначальваў тэатар з 2019 году. Ён паплаціўся пасадай за выкананьне ў тэатры калектывам з Расеі песьні Віктара Цоя «Перемен». На пачатку красавіка 2024 году звольнілі мастацкага кіраўніка віцебскага тэатру «Лялька» Віктара Клімчука, у траўні быў звольнены мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатру опэры і балету Валянцін Елізар’еў.
У жніўні стала вядома пра звальненьне Сьвятланы Карукінай з пасады дырэктаркі Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі.
Форум