Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць жыхароў Беларусі складае менш за 8,8 мільёна — дакумэнт Дзяржкантролю


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Беларусі зараз пражывае менш за 8,8 мільёна чалавек, вынікае са службовага ліста намесьніка старшыні Камітэту дзяржкантролю (КДК) Станіслава Наркевіча Савету міністраў.

Копію дакумэнту, складзенага ў лістападзе сёлета, перадало інфармацыйнаму агенцтву «Позірк» аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol.

У лісьце размова ідзе аб выкананьні даручэньня Аляксандра Лукашэнкі па забесьпячэньні да 2025 году «ўсіх спажыўцоў якаснай пітной вадой». Сярод іншага, прыводзіцца статыстыка водазабесьпячэньня.

«Паводле наяўнай у камітэце інфармацыі», — гаворыцца ў дакумэнце, — цяпер «у рэспубліцы паслуга водазабесьпячэньня прадастаўляецца 8,6 мільёна чалавек, у тым ліку арганізацыямі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі — 8,4 мільёна чалавек, іншых сфэр — 0,2 мільёна».

Пры гэтым, як удакладняецца, «забясьпечанасьць спажыўцоў водазабесьпячэньнем пітной якасьці па рэспубліцы дасягнула каля 98%».

З гэтых дадзеных вынікае, што агулам у Беларусі ў лістападзе пражывала каля 8,78 мільёна чалавек (з улікам акругленьняў).

Рэальная колькасьць жыхароў, верагодна, яшчэ меншая, бо раней экспэрты неаднаразова заяўлялі, што ў афіцыйнай статыстыцы ня ўлічваецца большасьць грамадзян, якія пакінулі краіну. Такі ўлік вядзецца толькі ў адносінах да тых, хто пасьля пераезду паведамляе пра гэта дзяржаўным органам. Пры гэтым, паводле розных ацэнак, пасьля падзеяў 2020 году зь Беларусі зьехалі сотні тысяч людзей.

У інтэрвію «Позірку» 5 лютага 2024 году дырэктар дасьледчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі ацэньваў колькасьць тых, хто зьехаў, у 200–350 тысяч чалавек. Пра 350 тысяч гаварыў у непублічным выступе перад вайскоўцамі в/ч 3214 у кастрычніку 2023-га намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў.

Паводле дадзеных Фонду мэдычнай салідарнасьці, якія яго прадстаўніца Лідзія Тарасенка паведаміла «Позірку» 28 сьнежня, ва ўстановах аховы здароўя Беларусі зарэгістравана 7,8 мільёна чалавек.

Паводле дадзеных Белстату, колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2024 году склала 9 155 978 чалавек. Гэта на 376 тысяч (4,1%) больш, чым вынікае з прыведзенага ліста КДК. Ведамствы могуць карыстацца рознымі дадзенымі.

Са статыстыкі вынікае, што з пачатку 2020 да пачатку 2024 году колькасьць жыхароў скарацілася на 254 281 чалавека.

Зьвесткі пра колькасьць насельніцтва тычацца сталага насельніцтва. Да сталага насельніцтва адносяцца асобы, якія пражываюць у Беларусі адзін год і больш.

З 2020 году Белстат не публікуе даных пра нараджальнасьць і сьмяротнасьць. Пра іх можна меркаваць толькі з ускоснай інфармацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG