Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы віцэ-сьпікер Сейма Літвы ўзначаліў дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь»


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Юозас Олекас на выставе плякатаў Артура Вакарава пра 30 гадоў рэжыму Лукашэнкі ў цэнтры Вільні, ліпень 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Юозас Олекас на выставе плякатаў Артура Вакарава пра 30 гадоў рэжыму Лукашэнкі ў цэнтры Вільні, ліпень 2024 году

У абраным восеньню 2024 году новым складзе Сейма Літвы створаная міжфракцыйная дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь», яе ўзначаліў першы віцэ-сьпікер літоўскага парлямэнту Юозас Олекас

У абраным восеньню 2024 году новым складзе Сейма Літвы створаная міжфракцыйная дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь», яе ўзначаліў першы віцэ-сьпікер літоўскага парлямэнту Юозас Олекас, паведаміў «Парлямэнцкі канал».

Сацыял-дэмакрат Юозас Олекас вядомы сваімі дзеяньнямі і заявамі ў падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі і беларускіх палітвязьняў. На днях у інтэрвію літоўскім СМІ Юозас Олекас казаў, што Літва «павінна больш актыўна супрацоўнічаць зь беларускай дэмакратычнай апазыцыяй». Ён адзначыў, што рэжым Лукашэнкі «перасьледуе ня толькі актывістаў унутры краіны, але і за яе межамі», а Літва «часам прымае занадта жорсткія меры, якія могуць нанесьці шкоду простым беларусам».

Намесьнікам Олекаса ў дэпутацкай групе «За дэмакратычную Беларусь» стаў намесьнік старшыні камітэту ў замежных справах Сейма Жыгімантас Павілёніс, які ўзначальваў групу «За дэмакратычную Беларусь» у парлямэнце папярэдняга скліканьня.

Жыгімантас Павілёніс, таксама вядомы сваёй актыўнай падтрымкай беларускай дэмакратычнай супольнасьці, 13 сьнежня ў Вільні падчас Форуму журналісцкіх арганізацый з краін Балтыі і журналістаў, зьвяртаючыся да «журналістаў, братоў і сёстраў у Беларусі», запэўніў: «Мы будзем разам з вамі да свабоды».

Паведамляецца, што ў склад дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» таксама ўвайшлі «прадстаўнікі асноўных фракцыяў Сейма».

Дарадца дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, камэнтуючы стварэньне групы «За дэмакратычную Беларусь» у літоўскім Сейме, назваў Алекаса і Павілёніса «зубрамі літоўскай палітыкі, дасьведчанымі ў міжнародных справах».

«Гэта тая канфігурацыя да якой мы імкнуліся. Папярэднія кансультацыі далі свае вынікі. Юозас і Жыгіс — зубры літоўскай палітыкі, дасьведчаныя ў міжнародных справах і ўплывовыя ў сваіх партыях. Нам непатрэбны час на прыцірку, абмеркаваньне плянаў супрацы ўжо распачата. Задача мінімум — не пагоршыць прававы стан беларусаў у Літве. Задача максымум — па выніках рэвізіі адмяніць пункты, што працуюць на карысьць рэжыму і супраць прыхільнікаў перамен у Беларусі. Ну і, натуральна, выпрацаваць план супольных дзеянняў скіраваных на перамены ў Беларусі», — заявіў ён.

  • Парлямэнцкія групы «За дэмакратычную Беларусь», якія супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі, летась аб’ядналіся ў Альянс і на пачатак 2024 году аб’ядноўвалі дэлегацыю па Беларусі Эўрапарлямэнту і нацыянальныя парлямэнты 24 краінаў: Аўстрыі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Грузіі, ЗША, Ірляндыі, Ісьляндыі, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Люксэмбургу, Малдовы, Нарвэгіі, Нямеччыны, Партугаліі, Польшчы, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швэцыі, Эстоніі.
  • Паводле дарадцы Ціханоўскай у парлямэнцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзькі, такія групы даюць магчымасьць утрымліваць Беларусь у міжнародным парадку дня, ініцыяваць законы, якія дазваляюць падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць Беларусі, садзейнічаюць падтрымцы дэмакратычнай Беларусі ў такіх міжнародных арганізацыях, як ПАРЭ, АБСЭ, Эўрапарлямэнт і інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG