Вугоршчына ня першы раз выступае супраць увядзеньня санкцыяў у дачыненьні да патрыярха Кірыла. У 2022 годзе Будапэшт блякаваў увядзеньне санкцыяў супраць кіраўніка РПЦ два разы, аргумэнтаваўшы сваё рашэньне тым, што ніводзін рэлігійны лідэр не павінен быць унесены ў санкцыйны сьпіс.
Патрыярх Кірыл неаднаразова падтрымліваў расейскую агрэсію ва Ўкраіне, у прыватнасьці, казаў пра гэта празь відэасувязь папу Рымскаму Францішку, пасьля чаго першагерарх каталіцкай царквы заклікаў Кірыла не апускацца да ўзроўню «пуцінскага алтарнага хлопчыка». Кіраўнік РПЦ казаў, што на Данбасе ідзе «мэтафізычная барацьба», і сьцьвярджаў, што Расея ў сваёй гісторыі ніколі ні на кога не нападала. Ён уключаны ў санкцыйныя сьпісы Вялікай Брытаніі, Канады і Чэхіі. Эстонія і Літва забаранілі яму ўезд.
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у 2023 годзе адхіліў Алімпійскі камітэт Расеі (АКР) з прычыны ўключэньня ў яго склад спартовых арганізацый з анэксаваных РФ тэрыторый Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей Украіны.
Алімпійскі камітэт РФ ня мае права дзейнічаць у якасьці нацыянальнага алімпійскага камітэту, атрымліваць фінансаваньне ад міжнароднага алімпійскага руху. У МАК таксама пакінулі за сабой права прымаць рашэньні аб удзеле расейскіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе.
У сьнежні 2023 году Будапэшт заблякаваў 50 мільярдаў эўра дапамогі Ўкраіне ад эўрапейскіх краін, але пазьней пагадзіўся на выдзяленьне дапамогі Кіеву. Летам 2024 году пасьля візыту Віктара Орбана ў Маскву Вугоршчына ўключыла грамадзян Расеі і Беларусі ў праграму «нацыянальнай карты». Гэты дакумэнт дазваляе працаваць у Вугоршчыне два гады з магчымасьцю працягу. У Брусэлі заявілі, што гэты крок павялічвае рызыку шпіянажу з боку РФ у эўрапейскіх краінах.
Форум