Палітзьняволеная Антаніна Канавалава, давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года, пакінула турму. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» яе маці Ганна Канавалава, якая знаходзіцца ў эміграцыі з двума ўнукамі, піша «Позірк».
«Дзеці так моцна сумавалі па маме. Кожнае іх слова, кожная сьлязінка ў вачах разбівалі сэрца, але я заўсёды верыла, што гэты дзень надыдзе. Дзеці павінны быць побач са сваёй мамай — абдымаць іх, чуць іх сьмех і быць апорай у жыцьці. Дзякуй усім, хто падтрымліваў нас увесь гэты час, чые малітвы, словы і добрыя думкі былі з намі. Мы не забудзем вашай дабрыні ніколі. Цяпер я проста шчасьлівая. Мая дачка дома», — напісала маці палітзьняволенай.
Пасьля затрыманьня 6 верасня 2020 года Канавалавай прысудзілі 5,5 года пазбаўленьня волі паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Жанчыну абвінавачвалі ў адміністраванні тэлеграм-канала «Армія з народам» і ва ўдзеле ў руху Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцьця».
Яе ўнесьлі ў спісы датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці» і «тэрарыстычнай дзейнасці».У зьняволеньні яна арымала інваліднасьць трэцяй групы па зроку.
Ганна Канавалава не паведаміла пра прычыну вызваленьня дачкі. Верагодна, яна была памілаваная.
Па крымінальнай справе праходзіў таксама муж Канавалавай Сяргей Ярашэвіч. Паводле тых жа артыкулаў ён быў асуджаны на 5,5 года зьняволеньня. Пазьней яго прыгаварылі яшчэ да 9 месяцаў пазбаўленьня волі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы).
9 сьнежня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што падпісаны ўказ аб памілаваньні яшчэ 29 асоб, якія «учынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці». Гэта сёмая хваля памілаваньняў за апошнія паўгода.
Форум