Гэтым разам Ўладзіслаў Бохан ад імя ўрадавай расейскай партыі «Единая Россия» разаслаў у школы Варонежскай і Тульскай абласьцей распараджэньне правесьці патрыятычную акцыю «Наш палымяны адказ», сутнасьць якой — у спаленьні «атрыбутаў заходняй культуры». Пранкер даручыў настаўнікам спаліць кнігі аўтараў зь «недружалюбных» краін і іншыя рэчы, якія «сымбалізуюць дэградуючую заходнюю культуру». Такім чынам настаўнікі мусілі нібыта прадэманстраваць «патрыятызм, прыхільнасьць да традыцыйных каштоўнасьцяў, ачышчэньне ад уплыву недружалюбных дзяржаў».
Уладзіслаў Бохан вырашыў праверыць, ці «павядуцца» настаўнікі на розыгрыш паўторна і даслаў ліст у тыя школы, дзе ўжо раней праводзіў іншыя пранкі.
Справаздачы даслалі пэдагогі зь як мінімум дзьвюх установаў, выглядае з аповяду пранкера. Як вынікае з атрыманых Боханам «фотасправаздач», гэтым разам настаўнікі прыцягнулі да выкананьня «распараджэньня» і дзяцей. На фота з Архангельску відаць, як дзеці выкідаюць абутак, дзіцячыя кнігі пра «Караля Льва», плюшавыя цацкі папулярных заходніх мультпэрсанажаў і іншае. На відэа- і фотасправаздачах ад настаўнікаў відаць, як тыя спальваюць джынсы, скрынку ад Windows 7, фотаапарата, чорна-белыя партрэты нобэлеўскіх ляўрэатаў і ўладальнікаў «Грэмі».
У адной школе ўсё ж зразумелі, што гэта пранк.
Раней з падачы беларускага мастака Ўладзіслава Бохана расейскія настаўнікі віншавалі Пуціна партрэтамі Сьцяпана Бандэры, а яго самога ўспрымалі даверанай асобай кіраўніка Крамля, рабілі з фольгі і надзявалі «шлемы, якія абараняюць ад зьнешніх ворагаў».
Паводле Бохана, цяперашняя акцыя — частка праекту, які мае на мэце спраўдзіць узровень фашызацыі грамадзтва ў Расеі. Гэта ўжо трэцяя акцыя праекту, і будзе працяг. Карыстаючыся як базай эсэ італьянскага філёзафа Ўмбэрта Эка, які вывеў у сваёй працы 14 прыкметаў фашызму, мастак-акцыяніст Улад Бохан арганізоўвае ў Расеі акцыі па матывах кожнай з гэтых 14 прыкметаў фашызму, каб праверыць наколькі краіна ім адпавядае.
У межах гэтай акцыі Бохан ставіў на мэце праверыць, наколькі расейскае грамадзтва ляяльнае да нечага новага.
«Фашысцкія рэжымы славяцца барацьбой з мадэрнізмам і прагрэсам. Самай папулярнай праявай гэтага зьяўляецца спаленьне кніг у нацысцкай Нямеччыне. Ці магчыма такое ўявіць у 2024 годзе? На жаль. У Расеі спальваюць кнігі, партрэты навукоўцаў і дзеячаў культуры, а таксама дыскі з заходнім ПЗ і нават дзіцячыя цацкі», — гаворыцца ў апісаньні да відэа, якое расказвае пра акцыю.
Форум