«Мікола шмат пісаў пра анархізм, супраціў, дзяржаўны гвалт, новае грамадзтва — простымі словамі, намагаючыся зацікавіць сваімі ідэямі і развагамі звычайных людзей. У гэты зборнік увайшлі найбольш актуальныя тэксты, у тым ліку аналіз падзеяў 2020 году ў Беларусі, прычынаў міліцэйскага садызму, а таксама развагі аб палітычным гвалце», — адзначаюць у супольнасьці «АЧК Беларусь», якая выдала кнігу.
Кнігу ўжо можна замовіць онлайн, таксама хутка яна зьявіцца ў продажы ў шэрагу кнігарняў Вільні і Варшавы.
На момант выданьня кнігі палітзьняволены Мікола Дзядок знаходзіцца ў адзіночнай камэры ўжо больш за паўтара года, а за апошні год ён правёў у штрафным ізалятары бесьперапынна больш за 124 дні. Ягоны тэрмін зьняволеньня мусіў скончыцца ў красавіку 2025 году, але на яго завялі новую крымінальную справу — за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы».
Мікалай Дзядок — блогер, які піша і здымае відэа на грамадзка-палітычныя тэмы, журналіст, актывіст анархісцкага руху.
Затрымалі яго 11 лістапада 2020 году. Пры затрыманьні Дзядка моцна зьбілі, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Сілавікі гвалтам прымусілі яго зьняцца на камэру для «пакаяльнага» роліку МУС. Пасьля затрыманьня Дзядка катавалі — зьбівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваньнем.
10 лістапада 2021 году Дзядка асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле трох артыкулаў:
- арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх),
- арт. 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі),
- арт. 295-3 КК (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснаванае на выкарыстаньні гаручых рэчываў).
Мікалай Дзядок не прызнаў віну па ніводным артыкуле.
Пазьней пакараньне ўзмацнілі і перавялі палітвязьня на турэмны рэжым. Паводле праваабаронцаў «Вясны», увесь час у зьняволеньні на яго чыняць ціск.
У верасьні 2024 году стала вядома, што супраць Міколы распачалі новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы»).
Агулам Мікола Дзядок знаходзіцца ў зьняволеньні ўжо больш за 4 гады.
Форум