Адзначаецца, што пашкоджаньні кабэляў былі выяўлены 3 сьнежня і, як мяркуецца, яны адбыліся на сушы ў Фінляндыі.
«Мы ўспрымаем сытуацыю сур’ёзна», — напісала міністарка сувязі Фінляндыі Лулу Ранэ ў сацсетцы Х, дадаўшы, што ўлады расьсьледуюць гэты інцыдэнт.
Фінская газэта Helsingin Sanomat піша, што пашкоджаньне кабэля ў муніцыпалітэце Віхці не было дывэрсіяй — экскаватар, які працаваў з кабэлем, выпадкова яго перарэзаў.
Прычыны другога пашкоджаньня, у горадзе Эспа, пакуль высьвятляюцца.
«Кабэлі пашкоджваюцца з розных прычынаў. Гэта, безумоўна, незвычайна, што два кабэлі былі пашкоджаныя адначасова», — пракамэнтаваў прадстаўнік кампаніі Global Connect, кабэлі якой пацярпелі.
18 лістапада стала вядома, што ў Балтыйскім моры былі пашкоджаныя два падводныя оптавалаконныя кабэлі. Адзін злучае Нямеччыну зь Фінляндыяй, другі — Швэцыю зь Літвой.
Пракуратура Швэцыі пачала папярэдняе расьсьледаваньне праз падазрэньне ў дывэрсіі.
Фінляндыя і Нямечына таксама заявілі аб сумесным расьсьледаваньні і паведамілі аб «падазрэньні ў наўмысным пашкоджаньні» кабэлю.
Прадстаўнікі МЗС дзьвюх краін лічаць, што бясьпека ў рэгіёне знаходзіцца пад пагрозай з прычыны «гібрыднай вайны з боку недружалюбных суб’ектаў», а таксама праз вайну Расеі супраць Украіны.
Сёлета ўзімку быў пашкоджаны падводны электрычны кабель, які злучае Фінляндыю з Эстоніяй.
У кастрычніку 2023 году былі пашкоджаны тэлекамунікацыйныя кабэлі, якія злучаюць Эстонію зь Фінляндыяй і Швэцыяй.
Форум