Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія стэлс-бамбавікі нанесьлі ўдары па пазыцыях хусітаў у Емэне


Самалёт B-2 Spirit, архіўнае фота
Самалёт B-2 Spirit, архіўнае фота

У кастрычніку самалёты B-2 ужо выкарыстоўвалі для ўдараў па падземных аб’ектах хусітаў.

У канцы мінулага тыдня амэрыканская авіяцыя нанесла ўдар па аб’ектах емэнскіх паўстанцаў-хусітаў, піша «Голас Амэрыкі». Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Камандаваньня глябальных удараў ВПС ЗША, апублікаваным у пятніцу.

Як паведаміла камандаваньне, пад удар трапілі пяць умацаваных падземных сховішчаў у раёнах Емэна, якія знаходзяцца пад кантролем хусітаў.

Удар быў нанесены самалётамі B-2 Spirit, якія вылецелі з авіябазы ва Ўайтмэне, штат Місуры. Створаныя карпарацыяй Northrop Grumman у канцы 1980-х, гэтыя бамбавікі выкарыстоўваюць тэхналёгію «стэлс»: канструкцыя гэтых баявых машын дазваляе атрымаць вельмі слабое адбіцьцё радыёлякацыйных хваль і, як следзтва, заставацца незаўважанымі для суперніка.

«Выкарыстаньне B-2 прадэманстравала глябальныя магчымасьці ЗША па нанясеньні ўдараў і здольнасьць дзейнічаць супраць гэтых цэляў у любы час і ў любым месцы», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Камандаваньня.

Вайскоўцы таксама заявілі, што ўдар па пазыцыях хусітаў прадэманстраваў магчымасьці B-2 у пляне вялікай далёкасьці палёту, аб’ёму карыснай нагрузкі, малой прыкметнасьці і высокадакладнай зброі, «даказаўшы, што гэта адзін з самых перадавых самалётаў у сьвеце».

Самалёт B-2 Spirit, архіўнае фота
Самалёт B-2 Spirit, архіўнае фота

У мінулым месяцы амэрыканскія ВПС ужо выкарыстоўвалі гэтыя бамбавікі для ўдараў па пазыцыях емэнскіх хусітаў.

У кастрычніку кіраўнік Пэнтагона Лойд Остын нагадаў, што ўдары ЗША накіраваныя на тое, каб «аслабіць магчымасьці хусітаў працягваць свае дэстабілізуючыя паводзіны», і папярэдзіў, што ЗША без ваганьняў будуць прымаць захады па абароне свайго пэрсаналу і стрымліваньні нападаў супраць грамадзянскіх асоб і рэгіянальных партнэраў.

Хто такія хусіты

Ісламская радыкальная групоўка хусітаў «Ансар Ала» кантралюе паўночную частку Емэну, уключаючы частку марскога ўзбярэжжа. Створаны імі ўрад не прызнаны пераважнай большасьцю краін сьвету.

У канцы мінулага году хусіты абвясьцілі, што ўключаюцца ў вайну супраць Ізраіля на баку групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, і пачалі атакаваць звязаныя зь Ізраілем, а таксама з ЗША і іхнымі саюзьнікамі караблі ў Чырвоным моры і Адэнскай затоцы. Аднак многія з атакаваных суднаў маюць мала агульнага ці ўвогуле не зьвязаныя з канфліктам у сэктары Газа.

Хусіты атакавалі больш за 80 суднаў з пачатку вайны ў Газе летась у кастрычніку. Яны захапілі адно судна і патапілі яшчэ два, загінулі чацьвёра маракоў.

Праз Чырвонае мора, Баб-эль-Мандэбскі праліў і Адэнскі заліў ля берагоў Емэна ажыцьцяўляецца каля 12% усяго гандлёвага суднаходства ў сьвеце, у тым ліку каля 30% усіх кантэйнэрных перавозак. Пасьля пачатку нападаў хусітаў на гандлёвыя судны многія суднаходныя кампаніі былі вымушаныя выбіраць іншыя маршруты, што значна зацягвае і робіць даражэйшымі перавозкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG