Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі завочна арыштавалі судзьдзю з Гаагі, які выдаў ордэры на арышт Шайгу і Герасімава


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Расеі завочна арыштавалі судзьдзю Міжнароднага крымінальнага суду Хайкеля Бэн Махфуда, які выдаў ордэры на арышт экс-міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і начальніка Генштабу Ўзброеных сіл Валера Герасімава.

Басманны раённы суд Масквы 11 лістапада завочна арыштаваў судзьдзю Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) у Гаазе Хайкеля Бэн Махфуда, паведамляе «Медиазона». На яго завялі крымінальную справу паводле артыкула Крымінальнага кодэксу Расеі аб незаконным узяцьці пад варту.

Сёлета ўлетку Бэн Махфуд разам з судзьдзямі МКС Расарыё Сальваторэ Айталай і Сэрхіё Герарда Ўгальдэ Гадынэсам выдаў ордэры на арышт былога міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і начальніка Генштабу Ўзброеных сіл РФ Валера Герасімава, якіх абвінавачваюць у датычнасьці да ваенных злачынстваў падчас поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Раней МУС Расеі абвясьціла ў вышук судзьдзю Гадынэса, які выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячай амбудсмэнкі Расеі Марыі Львовай-Бяловай.

Таксама расейскае міністэрства абвясьціла ў вышук двух іншых судзьдзяў Міжнароднага крымінальнага суду: Томака Аканэ і Ружанры Айталу, а таксама пракурора МКС Карыма Хана. У дачыненьні да іх у Расеі завялі справу аб прыцягненьні заведама невінаватага да крымінальнай адказнасьці і падрыхтоўцы да нападу на прэзыдэнта.

Расея не прызнае юрысдыкцыю МКС і ня ўдзельнічае ў ягонай працы. Масква не зьяўляецца ўдзельніцай Рымскага статуту, які вызначае дзеяньні суду.

  • 12 чэрвеня 2023 году «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» перадало пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану першую частку падрыхтаванага дасье па фактах злачынстваў, зьвязаных зь незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Згодна з дакумэнтамі, да гэтага датычныя Аляксандар Лукашэнка, дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Дзьмітры Мезенцаў, гендырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, паралімпіец Аляксей Талай і дырэктарка данецкай грамадзкай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў «Дэльфіны» Вольга Волкава.
  • Нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду, рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, калі ёсьць доказы гэтага, пацьвердзіў прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
  • 30 верасьня ўрад Літвы афіцыйна перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) у Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG