Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рэжысэр Андрэй Гнёт называе сваё вызваленьне заслугай каманды Ціханоўскай


Андрэй Гнёт
Андрэй Гнёт

«Тое, што я тут, перад вамі, а не ў беларускай турме — прамое сьледзтва кантактаў і перамоваў паміж офісамі Сьвятланы Ціханоўскай і сэрбскага прэзыдэнта Вучыча», — заявіў беларускі рэжысэр Андрэй Гнёт на прэс-канферэнцыі ў Бэрліне 2 лістапада.

Гнета затрымалі 30 кастрычніка 2023 году ў аэрапорце Бялграду. Беларусь шукала рэжысэра праз Інтэрпол па абвінавачаньні ў нявыплаце падаткаў. Гнёт і ягоныя адвакаты лічаць справу палітычнай.

Сем месяцаў Гнет правёў у сэрбскай турме, яшчэ пяць — пад хатнім арыштам. Па заканчэньні году суд Бялграду ня стаў абіраць яму іншую меру стрыманьня, і 31 кастрычніка рэжысэр вызваліўся.

Паводле Гнёта, ягоную справу з уладамі Сэрбіі абмяркоўвалі дыпляматы з многіх краін, аднак ключавая падзея адбылася «некалькі тыдняў таму на міжнароднай канфэрэнцыі ААН, калі каманда Сьвятланы Ціханоўскай устанавіла непасрэдны кантакт з офісам сэрбскага прэзыдэнта».

«Сэрбскі бок паставіўся вельмі эмпатычна, уважліва, пазытыўна», — адзначыў рэжысэр. Асобна Гнёт падзякаваў дарадцу Ціханоўскай у пытаньнях дыпляматыі Дзянісу Кучынскаму, а таксама ПаўлуЛатушку і ўсёй дэмакратычнай супольнасьці. Асаблівая падзяка прагучала на адрас ураду Нямеччыны і пэрсанальна Олафа Шольца.

Сьвятлана Ціханоўская назвала вызваленьне Гнёта «агульнай перамогай», у тым ліку сэрбскіх улад. «У будучыні мы не павінны дазволіць рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваць міжнародныя мэханізмы для перасьледу актывістаў. І мы будзем змагацца за ўсіх, хто патрапіў пад рэпрэсіі рэжыму», — напісала Ціханоўская.

У дзень выезду Андрэя Гнёта з Сэрбіі Беларусь прызнала ягоныя сацсеткі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

  • 41-гадовы Гнёт — рэжысэр тэлерэклямы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднаньня SOS.by, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Працаваў зь вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, «Бульбаш», «Аліварыя», «Спартак», «Беллакт», World of Tanks.
  • Праваабаронцы і адвакат Гнёта настойваюць, што яго перасьледуюць з палітычных, а не эканамічных матываў, як сузаснавальніка SOS.by.
  • Андрэй Гнёт называе абвінавачаньні ў свой адрас з боку беларускіх уладаў «хлусьлівымі», заяўляючы, што гэта «сыстэмны мэханізм перасьледу» палітычных апанэнтаў з боку рэжыму ў Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG