Польскі амбудсмэн па правах чалавека Марцін Вёнцэк зьвярнуўся да міністра юстыцыі Польшчы Адама Боднара з просьбай вывучыць мэтазгоднасьць скасаваньня пагадненьня, якое дазваляе экстрадаваць беларусаў на радзіму.
Гаворка ідзе пра двухбаковую Дамову аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных справах, якая рэгулюе ў тым ліку і выдачу грамадзян з мэтай крымінальнага перасьледу і адбыцьця пакараньня. Польшча і Беларусь падпісалі гэтую дамову ў 1994 годзе, але яе можна пераглядаць раз на пяць гадоў. Наступны тэрмін, калі Польшча можа гэта зрабіць, — 2025 год.
У звароце Марцін Вёнцэк, спасылаючыся на справаздачы шматлікіх праваабарончых арганізацыяў, тлумачыць, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ўвесь час пагаршаецца. У звароце згадваюцца шматлікія адвольныя арышты беларусаў, катаваньні і жорсткае абыходжаньне з боку сілавікоў, у тым ліку сэксуальны гвалт, пазбаўленьне правоў на справядлівы суд, на свабоду выказваньня, мірныя сходы і асацыяцыі і інш.
Тым часам, адзначае польскі амбудсмэн, заканадаўства Польшчы і міжнароднае права забараняюць экстрадыцыю, калі ёсьць абгрунтаваныя асьцярогі, што ў краіне, якая запытвае экстрадыцыю, могуць быць парушаныя свабоды і правы экстрадаванай асобы.
У сваім звароце Вёнцэк нагадвае пра выпадкі, калі міністар юстыцыі Польшчы адмаўляў у экстрадыцыі беларускіх грамадзян, хоць суды прызнавалі яе законнай.
Польскі амбудсмэн адзначыў, што практыка апошніх гадоў паказала, што міжнароднае супрацоўніцтва зь Беларусьсю выклікае ўсё большыя рызыкі, «таму варта разгледзець пытаньне аб тым, што, можа, Польшчы трэба скасаваць пагадненьне, хаця б у частцы, якая тычыцца прававой дапамогі ў крымінальных справах».
Форум