Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль забараніў дзейнасьць Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам


Супрацоўнік Агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам у двары школы Аль-Джаўні пасьля ізраільскага авіяўдару. Нусейрат, цэнтральная частка сэктара Газа, 11 верасьня 2024
Супрацоўнік Агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам у двары школы Аль-Джаўні пасьля ізраільскага авіяўдару. Нусейрат, цэнтральная частка сэктара Газа, 11 верасьня 2024

Ізраільскі парлямэнт (Кнэсэт) ухваліў два законы, якія забараняюць дзейнасьць Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам (UNRWA) у Ізраілі і на падкантрольных яму тэрыторыях, паведамляе The Times of Israel.

Першы закон прадугледжвае забарону на непасрэдную або апасродкаваную дзейнасьць Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам, другі — спыняе дзеяньне дамовы паміж Ізраілем і UNRWA ад 1967 году. Дакумэнты забараняюць ізраільскім дзяржаўным органам падтрымліваць якія-небудзь кантакты з UNRWA, што фактычна абмяжуе дзейнасьць агенцтва ў Газе і на Заходнім беразе ракі Ярдан.

У Ізраілі сьцьвярджаюць, што больш за 10% супрацоўнікаў UNRWA у Газе зьвязаныя з радыкальнымі групоўкамі, уключаючы ХАМАС (прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і Эўразьвязе). У жніўні 2024 году ў ААН прызналі, што 9 супрацоўнікаў агенцтва маглі браць удзел у нападзе ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку 2023 году. Усіх іх вырашылі звольніць.

Старшыня камітэту абароны і замежных справаў ізраільскага Кнэсэту Ёэль Эдэльштэйн заявіў, што «UNRWA даўно перастала быць агенцтвам гуманітарнай дапамогі, яно падтрымлівае тэрор і нянавісьць», а таксама «імкнецца зрабіць галечу і пакуты бясконцымі».

Кіраўнік UNRWA Філіп Лазарыні заявіў, што рашэньне ізраільскага парлямэнту «стварае небясьпечны прэцэдэнт» і «супярэчыць Статуту ААН».

«Гэтыя законапраекты толькі пагоршаць пакуты палестынцаў, асабліва ў Газе, дзе людзі ўжо больш за год перажываюць сапраўднае пекла. Гэта пазбавіць больш за 650 тысяч дзяўчатак і хлопчыкаў магчымасьці атрымліваць адукацыю, паставіўшы пад пагрозу цэлае пакаленьне дзяцей», — гаворыцца ў ягонай заяве.

Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізацыі працы заснаванае ў 1949 годзе. Яно аказвае паслугі ў сфэры адукацыі, аховы здароўя, а таксама надзвычайную дапамогу ўцекачам у Сырыі, Лібане, Ярданіі, на Заходнім беразе і ў сэктары Газа.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG