Новы комплекс будынкаў плошчай больш за 23 тысячы квадратных мэтраў будуюць на тэрыторыі закрытага ваеннага гарадка Сергіеў Пасад-6. Там знаходзіцца навукова-дасьледчы інстытут міністэрства абароны.
The Washington Post піша, што некаторыя новыя будынкі маюць прыкметы біялябараторыі для працы з патагенамі. Актыўнасьць на аб’екце спадарожнікі зафіксавалі празь некалькі месяцаў пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
Газэта сьцьвярджае, што аб’ект мае высокую ступень аховы. Гэта паказваюць дзясяткі ўсталёвак для фільтраваньня паветра на даху, падземная інфраструктура, падвышаныя меры бясьпекі і пляніроўкі. Па словах суразмоўцаў выданьня, на тэрыторыі магчымай лябараторыі таксама ёсьць электрастанцыя.
Аналітыкі амэрыканскай выведкі прыйшлі да высновы, што на аб’екце, верагодна, усё яшчэ захоўваюцца замарожаныя калекцыі вірусаў, якія вывучаліся і тэставалі ў савецкі час, піша The Washington Post.
У ваенным гарадку Сергіеў Пасад-6 разьмешчаны 48-ы Цэнтральны навукова-дасьледчы інстытут міністэрства абароны Расеі. Афіцыйна НДІ распрацоўвае сродкі мэдыцынскай абароны ад асабліва небясьпечных інфэкцый для войска і насельніцтва. Па словах афіцыйных асоб, у лябараторыях вядзецца вывучэньне сьмяротных мікробаў з мэтай умацаваньня абароны краіны ад біятэрарызму і будучых пандэмій.
З траўня супраць інстытута ўведзены санкцыі ЗША. Вашынгтон лічыць яго датычным да распрацовак хімічнай і біялягічнай зброі. НДІ таксама падазраюць у садзейнічаньні ў вытворчасьці хімічнай зброі, выкарыстанай у 2018 годзе падчас замаху на былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку.
Форум