Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшаў журналіст Уладзімер Чудзянцоў


Уладзімер Чудзянцоў, архіўнае фота 2019 году
Уладзімер Чудзянцоў, архіўнае фота 2019 году

На волю з калёніі выйшаў журналіст Уладзімер Чудзянцоў, паведаміў экс-рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу» Раман Пратасевіч.

Уладзімер Чудзянцоў цалкам адбыў у калёніі прысуджаны яму пяцігадовы тэрмін.

Пратасевіч апублікаваў сьвежае фота Чудзянцова на волі, назваўшы яго ў паведамленьні «рэальным заснавальнікам і стваральнікам праекту NEXTA».

21 лістапада 2019 году Ўладзімера Чудзянцова затрымалі на беларускай мяжы, калі ён накіроўваўся ў Варшаву. Паведамлялася, што ў яго ў торбе знайшлі 0,87 грама марыхуаны.

У лістападзе 2020 году Чудзянцова асудзілі на шэсьць з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфіі заведама непаўналетняму), ч. 1 арт. 328 (захоўваньне наркотыкаў) і ч. 1 арт., 14 ч. 1 арт. 328 (спроба незаконнага перавозу наркотыкаў празь мяжу). Адзін год прысуду скасавалі праз амністыю.

Хто такі Ўладзімер Чудзянцоў

У 1990-я Ўладзімер Чудзянцоў пад сваім тагачасным прозьвішчам Зуеў пісаў у дзяржаўных газэтах пра лідэраў апазыцыі. У «Народнай газеце» ён пад псэўданімам апублікаваў артыкул «Пятае вымярэньне Генадзя Карпенкі». Тады Генадзь Карпенка падаў у суд і запатрабаваў доказы «махінацый», пра якія гаварылася ў артыкуле.

На судзе высьветлілася, што матэрыял пісаў Уладзімер Зуеў на падставе дакладной запіскі «з грознага і буйнога ведамства».

Напрыканцы 1990-х Чудзянцоў (Зуеў) даў інтэрвію «Свабодным навінам», дзе расказаў, як спрычыніўся да фэйкавых улётак ад імя нібыта БНФ з заклікам запасацца камянямі і штурмаваць дзяржаўныя будынкі. Да 2010 году імя Зуева зьнікла з публічнай прасторы.

У 2010 годзе Ўладзімер Чудзянцоў стаў гарадзкім рэпартэрам Tut.by. Прозьвішча ён афіцыйна зьмяніў. Інфармацыя пра ягонае мінулае ўсплыла на фоне канфлікту Чудзянцова з кіраўніцтвам рэсурсу charter97.org. Яны ж раскапалі і апублікавалі факты пра ягонае мінулае. Чудзянцоў яшчэ некаторы час працаваў пасьля гэтага на Tut.by, хоць інтэрнэт-супольнасьць настойвала на яго звальненьні, што ў выніку і адбылося.

46-гадовы Ўладзімер Чудзянцоў апошнім часам займаўся сваім сайтам by24.org. Праект быў разьлічаны на клікбэйтныя загалоўкі. Пасьля канфлікту ва Ўкраіне ў 2014 годзе на сайце прасочвалася яўная антырасейская пазыцыя, Чудзянцоў не хаваў падтрымкі Ўкраіне, дапамагаў добраахвотным батальёнам.

Блогер NEXTA заявіў, што Чудзянцоў таксама дапамагаў яму з кантэнтам для ягонага тэлеграм-каналу.

21 лістапада 2019 году Ўладзімера Чудзянцова затрымалі на беларускай мяжы па дарозе ў Варшаву. Падчас мытнага кантролю ў рэчах журналіста знайшлі пакецік з наркатычным рэчывам. Яму выставілі абвінавачаньні паводле часткі 1 артыкулу 328 КК РБ — «незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналягаў», а таксама ч. 1 артыкула 328-1 «незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

10 студзеня 2020 году Сьледчы камітэт паведаміў, што супраць Чудзянцова пачалі крымінальную справу за «гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама непаўналетняга» паводле ч. 2 арт. 167 Крымінальнага кодэксу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG