Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За адзін грам наркотыкаў. 14-гадовую школьніцу з Горадні асудзілі на 10 гадоў калёніі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Суд Кастрычніцкага раёну Горадні
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Суд Кастрычніцкага раёну Горадні

Чатырнаццацігадовую школьніцу з Горадні, якая вырашыла зарабіць на закладках наркотыка клефедрона (4-СМС), затрымалі і ў выніку асудзілі на 10 гадоў калёніі, паведамілі 22 кастрычніка ў эфіры «Беларусь 4».

Паводле памочніцы пракурора Горадні Дар’і Пачобут, школьніца «ў складзе арганізаванай групы ажыцьцяўляла незаконны абарот асабліва небясьпечнага псыхатропнага рэчыва 4-СМС вагой каля аднаго грама». Памочніца пракурора адзначыла, што школьніца займалася распаўсюдам наркотыкаў «на працягу кароткага часу».

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні прызначыў школьніцы пакараньне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўленьня волі ў выхаваўчай калёніі, прызнаўшы яе вінаватай паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналягаў, учынены арганізаванай групай).

Як распавяла начальніца інспэкцыі па справах непаўналетніх Кастрычніцкага РАУС Горадні Дыяна Алешчык, падлеткі знаходзілі аб’явы пра нелегальны заробак у сеціве. Зь імі зьвязваўся куратар і абяцаў лёгкія грошы: падлеткі павінны былі забіраць наркотыкі, расфасоўваць і распаўсюджваць іх шляхам так званых закладак у Горадні.

«Усе падлеткі з пасьпяховых сем’яў, самі наркотыкі не ўжывалі, у поле зроку міліцыі раней не траплялі», — адзначыла яна.

Паводле прадстаўніцы РАУС, на ўсіх затрыманых у Горадні падлеткаў завялі крымінальныя справы паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Колькасьць затрыманых яна не назвала, але адзначыла, што ўсім ім пагражаюць тэрміны ад 10 гадоў зьняволеньня.

Паводле закону, крымінальная адказнасьць у Беларусі надыходзіць з 16 гадоў, але за шэраг цяжкіх злачынстваў (да іх адносяць і абарот наркотыкаў) падлеткаў могуць прыцягнуць да адказнасьці з 14 гадоў.

  • Другой групай па рэпрэсіях пасьля палітвязьняў, паводле праваабаронцаў, застаюцца асуджаныя паводле «антынаркатычных» артыкулаў: яны складаюць амаль траціну ад агульнай колькасьці грамадзян, якіх пазбавілі волі.
  • У Беларусі вельмі жорсткае антынаркатычнае заканадаўства. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне за незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 25 гадоў. Яшчэ ў 2017 годзе маці і сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкула заснавалі рух «Маці-328», які дамагаецца зьмякчэньня заканадаўства супраць наркотыкаў у Беларусі. Яны, у прыватнасьці, праводзілі галадоўкі.
  • Паводле праваабаронцаў і экспэртаў, беларускае заканадаўства мае рэпрэсіўны характар, бо не адрозьнівае рэальных злачынцаў у сфэры незаконнага абарачэньня наркотыкаў ад дробных парушальнікаў і тых, хто спажывае наркотыкі. Менавіта гэта стварае грунт для шматлікіх парушэньняў правоў чалавека.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG