Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўрадзе Беларусі заявілі аб пераадоленьні наступстваў увядзеньня заходніх санкцый і назвалі рызыкі


Віцэ-прэм'ер Беларусі Мікалай Снапкоў. Архіўнае фота
Віцэ-прэм'ер Беларусі Мікалай Снапкоў. Архіўнае фота

Віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў заявіў, што Беларусь «цалкам аднавіла фізычныя аб’ёмы паставак асноўных каньюнктурных тавараў».

Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў аб значным павелічэньні зьнешнегандлёвых патокаў, нягледзячы на санкцыйны ціск з боку заходніх дзяржаў.

«Як вынік, сёлета мы ўшчыльную наблізіліся да мэтавай задачы пяцігодкі — экспарту на 50 мільярдаў даляраў у эквіваленце. Страчаныя на рынках краін Захаду і Ўкраіны аб’ёмы экспарту ня проста кампэнсаваныя за мінулыя тры гады, а і істотна перавышаныя. Цалкам аднавілі фізычныя аб’ёмы паставак асноўных каньюнктурных тавараў», — працытавала Мікалая Снапкова дзяржаўнае агенцтва БелТА зь ягонага выступу на супольным пасяджэньні дзьвюх палат Нацыянальнага сходу.

У той жа час, паводле яго, ключавой рызыкай зьяўляецца абмежаваньне доступу да зьнешняга фінансаваньня ў межах разьвіцьця эканамічнага патэнцыялу Беларусі.

«Але нават у гэтых умовах мы забясьпечваем базавыя крытэры фінансавай стабільнасьці — гэта скарачэньне зьнешняга валавага доўга, у тым ліку дзяржаўнага зьнешняга доўгу. Таксама аб’ём рэінвэставаньня даходаў замежнымі інвэстарамі адпавядае ўзроўню, што ўсталяваўся за апошнія гады да жорсткіх санкцый», — сказаў віцэ-прэм’ер.

Мікалай Снапкоў не назваў адпаведныя лічбы. У дзяржаўным бюджэце на 2024 год зацьвердзілі ліміт унутранага доўгу ў памеры 23,1 мільярда рублёў, унутранага доўгу пад гарантыі ўраду ў памеры 8 мільярдаў рублёў і ліміт зьнешняга доўгу ў памеры 19 мільярдаў ЗША, у тым ліку 2,5 міяльрда даляраў пад гарантыі ўраду.

У той жа час Мікалай Снапкоў паведаміў, што сёлета з пачатку году «насельніцтва прадало валюты на 900 мільёнаў даляраў» і сёмы месяц запар застаецца «чыстым прадаўцом валюты».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG