Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога прэзыдэнта Альбаніі Іліра Мэту затрымалі па падазрэньні ў карупцыі


Ілір Мэта
Ілір Мэта

Паліцыя затрымала былога прэзыдэнта Альбаніі Іліра Мэту ў панядзелак па падазрэньні ў карупцыі. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар экс-прэзыдэнта.

Альбанская служба Еuronews апублікавала відэа, на якім паліцыянты ў масках спыняюць аўтамабіль і выводзяць адтуль чалавека, якога можна ідэнтыфікаваць як Мэту. На відэа ён спрабуе аказаць супраціў паліцыі. Афіцыйных пацьверджаньняў сапраўднасьці відэа няма.

Балканскія СМІ пішуць, што Ілір Мэта падазраецца ў карупцыі, адмываньні грошай і ўтойваньні даходаў. Як паведамляе агенцтва Reuters, адзін з адвакатаў Мэты пацьвердзіў, што экс-прэзыдэнт затрыманы і не прызнае сваёй віны па абвінавачаньнях у карупцыі, але не падаў якіх-небудзь падрабязнасьцяў.

55-гадовы Ілір Мэта быў прэзыдэнтам Альбаніі з 2017 па 2022 год. Да гэтага ён быў прэм’ер-міністрам і сьпікерам парлямэнту краіны. Цяпер ён узначальвае апазыцыйную Партыю свабоды. Расьсьледаваньне аб датычнасьці Мэты да карупцыі пачалося летась, антыкарупцыйная служба SPAK некалькі разоў выклікала палітыка на допыты.

Мэта — не адзіны буйны альбанскі палітык, які сутыкаецца з абвінавачаньнямі ў парушэньні закону. Раней адзін зь лідэраў апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі Альбаніі Эрвін Саліянджы быў асуджаны на год турмы за прадстаўленьне ілжывых дадзеных. Прысуд выклікаў бурныя пратэсты сярод ягоных прыхільнікаў.

Лідэр Дэмакратычнай партыі Салі Бэрыша са сьнежня мінулага году знаходзіцца пад хатнім арыштам па падазрэньні ў карупцыі. Дэмакратычная партыя абвінавачвае цяперашняга прэм’ер-міністра Альбаніі Эдзі Раму ў палітычна матываваным перасьледзе апазыцыі, Рама абвінавачаньні адмаўляе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG