Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Фэтхулах Гюлен, якога Эрдаган вінаваціў у спробе дзяржаўнага перавароту ў 2016-м


Фэтхулах Гюлен
Фэтхулах Гюлен

Апошнія гады знаны турэцкі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч правёў у ЗША.

Пасьлядоўнікі Фэтхулаха Гюлена паведамілі аб ягонай сьмерці. Апошнім часам турэцкі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч, былы імам, кіраўнік арганізацыі FETO, аб’яўленай у Турэччыне тэрарыстычнай, жыў у ЗША.

Паводле інфармацыі блізкага да FETO парталу Herkul, Гюлен памёр 20 кастрычніка ў клініцы ў Пэнсыльваніі. Інфармацыю аб сьмерці 83-гадовага Гюлена пацьвердзіў ягоны пляменьнік Эбусэлэмэ Гюлен, перадае тэлеканал CNN Türk.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган у 2016 годзе публічна абвінаваціў прыхільнікаў Фэтхулаха Гюлена ў змове, што адбылася ў ноч з 15 на 16 ліпеня 2016 году. Тады на вуліцах Стамбулу і Анкары зьявіліся ўзброеныя людзі, танкі, у небе ляталі вайсковыя самалёты. Больш за 250 чалавек загінулі, многіх вайскоўцаў лінчавалі. Пасьля гэтага ўлады правялі масавыя арышты «гюленістаў» — прыхільнікаў ідэалёгіі Гюлена.

Рух гюленістаў носіць назву «Хізмэт», што азначае «служэньне», і ставіць сваёй мэтай выхаваньне новага пакаленьня мусульман, якое будзе служыць грамадзтву. У розных крыніцах рух падкрэсьлівае ўласную прыхільнасьць да пацыфісцкіх поглядаў і культурна-адукацыйную накіраванасьць. Па сьвеце ёсьць амаль паўтары тысячы школаў, адкрытых рухам. Яны ёсьць у больш як 150 краінах сьвету.

Гюлен адправіўся ў эміграцыю ў 1999 годзе — ён не вярнуўся ў Турэччыну пасьля лячэньня ў Злучаных Штатах. Ён асьцерагаўся перасьледу ад Эрдагана. Прычым на першую пару гюленісты і прадстаўнікі Партыі справядлівасьці і разьвіцьця ішлі поруч, маючы стаўку на іслам. Аднак гюленісты — прадстаўнікі сьвецкай галіны поглядаў на іслам, у эрдаганістаў погляд больш кансэрватыўны. Урэшце гэта прывяло да разрыву.

У 2011-м супраць Гюлена пачалі расьсьледаваньні па абвінавачваньнях у хабарніцтве, Турэччына патрабавала ад ЗША выдачы дзеяча для суду на радзіме, але беспасьпяхова.

Пасьля падаўленьня закалоту ў 2016-м Эрдаган закрыў школы і прадпрымальніцкія асяродкі, якія належалі гюленістам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG