Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэзыдэнцкіх выбарах у Малдове закрыліся ўчасткі. Прагаласавала больш за палову выбарнікаў. Ёсьць яўка і для рэфэрэндуму


На ўчастку для галасаваньня ў Малдове, 20 кастрычніка 2024
На ўчастку для галасаваньня ў Малдове, 20 кастрычніка 2024

У Малдове 20 кастрычніка прайшло галасаваньне на выбарах прэзыдэнта і на рэфэрэндуме пра падтрымку далучэньня краіны да Эўразьвязу.

Выбарчыя ўчасткі па ўсёй краіне зачыніліся а 21-й гадзіне паводле мясцовага часу, які супадае зь беларускім. Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, на выбарах прэзыдэнта прагаласавалі больш за 51.4% зарэгістраваных выбарнікаў (каля 1.555.000 чалавек). На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году яўка была 48,54%.

Пры гэтым на выбарчых участках у сталіцы Румыніі, Бухарэсьце, і ў сталіцы Расеі, Маскве, час галасаваньня працягнулі на дзьве гадзіны празь вялікія чэргі. Агулам за межамі Малдовы ўжо прагаласавалі каля 225 тысяч чалавек.

Для таго, каб адбыўся рэфэрэндум, патрабавалася яўка як найменей траціны зарэгістраваных выбарнікаў. Ужо на 19-ю гадзіну мясцовага часу, паводле ЦВК, яўка перавысіла 42% выбарнікаў.

Малдаўскія і замежныя назіральнікі папярэджвалі пра спробу Расеі ўмяшацца ў выбарчы працэс рознымі спосабамі — ад дэзынфармацыі да пакупкі галасоў і арганізацыя правакацый.

Праэўрапейская прэзыдэнтка краіны Мая Санду лічыцца фаварыткай на выбарах. Ёй супрацьстаяць 10 іншых кандыдатаў, сярод якіх выдзяляецца прарасейскі кандыдат Аляксандар Стаяногла, якога падтрымала Cацыялістычная партыя, і кандыдат-папуліст, былы мэр гораду Бельцы Рэната Усаты.

На рэфэрэндуме, які прапанавала Санду, жыхары Малдовы будуць адказваць на пытаньне, ці падтрымліваюць яны папраўку ў Канстытуцыю краіны, якая паставіць мэтай далучэньне Малдовы да Эўразьвязу.

Прэзыдэнт у Малдове мае абмежаваныя паўнамоцтвы, але Санду з дапамога лібэральнай партыі «Дзеяньне і салідарнасьць», якая яе падтрымлівае, здолела правесьці шэраг рэформаў. Яе самы амбітны праект — пазбаўленьне залежнасьці ад расейскага газу пасьля маштабнага уварваньня Расеі ва Ўкраіну. Аднак гэта стала адным з фактараў інфляцыі і эканамічных праблемаў для краіны.

Паводле апошніх апытаньняў за Санду былі гатовыя галасаваць 30-35 працэнтаў выбарнікаў, за былога генэральнага пракурора Стаяногла, якога Санду звольніла летась, — 9 працэнтаў, а за былога мэра Усаты — 6 працэнтаў.

Калі ніводны з кандыдатаў не атрымае ў першым туры больш за 50 працэнтаў галасоў, 3 лістапада мае адбыцца другі тур выбараў.

За некалькі дзён да галасаваньня ўлады Малдовы абвясьцілі пра арышт чатырох чалавек і папярэдзілі, што ў Расеі і на Бальканах дзясяткі іншых рыхтуюць да «дэстабілізацыі» краіны пасьля галасаваньня. Расея, чые войскі застаюцца на тэрыторыі малдоўскага сэпаратысцкага рэгіёну Прыднястроўе, адмаўляе сваё ўмяшаньне ў цяперашнія выбары.

Афіцыйныя вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму чакаюцца раніцай 21 кастрычніка, але папярэднія маюць быць пасьля 22-й гадзіны мясцовага часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG