Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне прадухілілі напад на амбасаду Ізраіля


GERMANY-ISRAEL-LIBYA-ARREST
GERMANY-ISRAEL-LIBYA-ARREST

Прадухілены напад на амбасаду Ізраіля ў Бэрліне. Як Расейская служба Радыё Свабода даведалася з Фэдэральнай пракуратуры Нямеччыны, грамадзянін Лібіі Амар А. (поўнае імя падчас сьледзтва не раскрываецца) плянаваў напад, які павінен быў «прыцягнуць грамадзкую ўвагу».

Абвінавачаны быў затрыманы ў бэрлінскім прымесьці Бэрнаў. Там жа быў праведзены ператрус у ягонай кватэры. Ператрус прайшоў таксама ў асобы, якая не падазравалася ў тэракце, у раёне Райн-зіг. Паводле інфармацыі тэлеканала ARD, гаворка ідзе пра роднага дзядзьку абвінавачанага, які пражывае ў горадзе Санкт Аўгусцін непадалёк ад Бону.

Судзьдзя па асаблівых даручэньнях вынес тэрміновае рашэньне аб зьмяшчэнні падазраванага ў сьледчы ізалятар. Яму ставіцца ў віну падтрымка дзейнасьці замежнай тэрарыстычнай арганізацыі.

У загадзе пра арышт гаворыцца, што 28-гадовы Амар А. падзяляў ідэалёгію прызнанай у Нямеччыне тэрарыстычнай і забароненай арганізацыі «Ісламская дзяржава». Не пазней за кастрычнік 2024 году ён заплянаваў напад з агнястрэльнай зброяй на пасольства Ізраіля ў Бэрліне. Для падрыхтоўкі тэракту абвінавачаны камунікаваў у сацыяльнай сетцы з членам «Ісламскай дзяржавы».

Паводле інфармацыі экспэрта ў тэрарызьме тэлеканалу ARD Міхаэля Гечэнбэрга, затрыманьне падазраванага адбылося незадоўга да даты, калі ён меўся ўчыненіць злачынства, пасьля таго як нямецкія органы бясьпекі атрымалі інфармацыю ад «сяброўскай спэцслужбы».

Паводле інфармацыі ARD з колаў спэцслужбаў, абвінавачаны ў 2022 годзе прыехаў у Нямеччыну і падаў заяву на прытулак. У верасьні 2023 году яго прашэньне адхілілі.

Міністрка ўнутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр падкрэсьліла важнасьць абароны ізраільскіх і габрэйскіх арганізацый і ўстановаў. Паводле яе, для ўраду Нямеччыны гэта «найвышэйшы прыярытэт». Міністрка таксама заявіла, што органы бяспекі Нямеччыны дзейнічаюць з найвышэйшай пільнасцю з прычыны «высокай небястпекі ісламісцкага, антысэміцкага і антыізраільскага гвалту».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG