Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПА NATO назваў «недарэчнай» прапанову Зяленскага замяніць войскі ЗША ў Эўропе на ўкраінскіх вайскоўцаў


Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі NATO Джэры Коналі
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі NATO Джэры Коналі

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі NATO Джэры Коналі назваў прапанову прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага замяніць войскі ЗША ў Эўропе падразьдзяленьнямі Ўзброеных сіл Ўкраіны пасьля вайны «недарэчнай» і «нават шкоднай».

«Гэта шчодрая прапанова прэзыдэнта Зяленскага, зь якім я шмат разоў сустракаўся... Але я лічу, што цяпер гэта недарэчная прапанова. Гэта выглядае як палітычны пас для Дональда Трампа ў выпадку перамогі на выбарах. А нам, тым, хто змагаецца за Ўкраіну ў Кангрэсе ЗША, ня трэба такога чуць. ЗША павінны быць у Эўропе», — заявіў амэрыканскі кангрэсмэн Джэры Коналі ў інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода.

Ідэя замены амэрыканскіх вайскоўцаў украінскімі пасьля вайны ўтрымліваецца ў «пляне перамогі», прадстаўленым прэзыдэнтам Зяленскім.

«Ня трэба заахвочваць ЗША да выхаду з Эўропы, бо гэта не ў інтарэсах Украіны і не ў інтарэсах яе саюзнікаў. Калі хто і вітае такое, дык гэта Ўладзімір Пуцін. Таму што мы сродак супрацьдзеяньня, і наша фізычная прысутнасць у Эўропе супакойвае нашых партнёраў. Гэта не азначае, што мы ня можам зрабіць пэўныя змены ў нашай дысьлякацыі. Але думка, што мы цалкам сыходзім з Еўропы, а ўкраінцы шчодра замяняюць нас... Добра, я прымаю да ўвагі гэтую прапанову як праяву шчодрасці, але сама ідэя непрадуктыўная. І цяпер гэта таксама шкодна», — сказаў Коналі.

Войскі ЗША ў Эўропе былі разьмешчаныя на тэрыторыі некалькіх цяперашніх чальцоў NATO з канца Другой сусьветнай вайны — у прыватнасьці, яны разьмешчаныя ў Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Італіі, Гішпаніі, а ў апошні час — у Польшчы і Румыніі, бо NATO ўмацоўвае свой усходні флянг.

Агульная колькасць амэрыканскіх войскаў у Эўропе цяпер складае каля 60 тысяч чалавек.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG