Дзейнасьць «камісіі па вяртаньні» цяпер будзе мець пастаянны характар (раней тэрмін яе працы меўся скончыцца 31 сьнежня 2024 году).
Таксама Лукашэнка надзяліў «камісію па вяртаньні» правам разглядаць ня толькі звароты беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, але і тых, хто ў Беларусі. Праўда, звароты апошніх будуць разглядаць па даручэньні Лукашэнкі.
Адпаведны ўказ № 397 Лукашэнка падпісаў 17 кастрычніка.
Па выніках разгляду звароту беларусам будуць паведамляць «ня толькі пра наяўнасьць ці адсутнасьць у дачыненьні да іх адміністрацыйнага працэсу, крымінальнай справы, але таксама і пра правядзеньне ў дачыненьні да іх адпаведнай праверкі, наяўнасьці або адсутнасьці падставаў для яе», гаворыцца ў паведамленьні.
- У лютым 2023 году Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні камісіі па вяртаньні, у якую могуць зьвярнуцца беларусы, што пакінулі краіну на хвалі пратэстаў і жадаюць вярнуцца альбо даведацца пра свой прававы статус. Да заявы неабходна прыкласьці копію пашпарта, а таксама расказаць, чаму грамадзянін думае, што ў выпадку вяртаньня да яго могуць быць пытаньні з боку праваахоўных органаў. Таксама ён павінен «публічна раскаяцца ва ўчыненых ім злачынствах супраць улады».
- Рашэньне, ці зможа чалавек вярнуцца дадому, прымаюць сябры камісіі (26 чалавек), якую ўзначальвае генпракурор Андрэй Швед. У склад камісіі таксама ўвайшлі кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітрый Гара, сэнатар Дзьмітрый Баскаў, дэпутаты, чыноўнікі, шмат праўладных прапагандыстаў кшталту Рыгора Азаронка, Андрэя Мукавозчыка, іншыя асобы.
- Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы неаднаразова папярэджвалі суайчыньнікаў, якія эмігравалі, пра небясьпеку вяртаньня ў Беларусь з прычыны пагрозы арышту.
- Вядомыя выпадкі, калі пасьля вяртаньня ў Беларусь і звароту ў камісію людзям прысуджалі турэмныя тэрміны. Так, напрыклад, у лістападзе 2023 году на 1 год калёніі за «абразу Лукашэнкі» асудзілі 30-гадовага берасьцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у «камісію па вяртаньні». У сьнежні 2023 году беларуска вярнулася з Польшчы праз «камісію па вяртаньні», і яе будуць судзіць. Адміністратарку пратэставых чатаў Тацяну Курыліну, якая скарысталася з ранейшай праграмы сілавікоў «Дарога дадому», асудзілі на 4,5 года калёніі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- Таксама людзей, якія зьвяртаюцца ў камісію, беларускія прапагандысты выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Так, тэлеканал СТВ паказаў інтэрвію з Тацянай Собаль, якая вярнулася праз «камісію». Нягледзячы на публічнае пакаяньне, афіцыйна абвешчана, што яе чакае судовы перасьлед.
Форум