Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заменьнік лекара ў Тэлеграме. Гарадзенцы запусьцілі бот для лекавай фізкультуры


Прадпрымальнік і бізнэс-аналітык Дзяніс Цішын і ягоная жонка, лекар-нэўроляг і рэабілітоляг Дар’я, нядаўна запусьцілі праект «Физиобот» — чат-бот у Тэлеграме, які падбірае практыкаваньні лекавай фізкультуры і вучыць карыстальнікаў правільна іх выконваць. Пра гэта яны расказалі выданьню dev.by.

Гарадзенцы Дзяніс і Дар’я Цішыны ўжо ня першы год займаюцца праектамі дапамогі людзям, якія маюць патрэбу ў рэабілітацыі пасьля інсульту, траўмаў і апэрацыяў. У 2017 і 2019 годзе праекты Дзяніса і Дар’і прызнавалі найлепшымі ў намінацыі «Здароўе і адукацыя» на конкурсе Social Weekend. Адным з гэтых праектаў была плятформа «feezio — практыкаваньні па рэцэпце».

Шмат гадоў feezio быў даступны выключна для прафэсіяналаў — лекараў і інструктараў па рэабілітацыі. З дапамогай плятформы яны складалі праграмы практыкаваньняў для сваіх пацыентаў. Аднак сам пацыент ня мог самастойна абраць практыкаваньні ў праграме — толькі па прамой спасылцы ад спэцыяліста.

«Але попыт на рэабілітацыю значна вышэйшы, чым прапанова. У Беларусі знайсьці інструктара або рэабілітоляга — цэлы квэст. Таму людзі вымушаныя шукаць практыкаваньні самі — у інтэрнэце, забіваючы ў пошук „праграмы пры болі ў сьпіне“ або „курс практыкаваньняў пасьля інсульту“, напрыклад. У выніку яны знаходзяць курсы ад аматараў, „якія мы, спэцыялісты-рэабілітолягі, часта паміж сабой вельмі лаем“», — кажа Дар’я.

У нейкі момант Дзяніс і Дар’я вырашылі: трэба адкрыць абывацелям доступ да сваіх праграмаў. Ад ідэі да гатовага прадукту прайшло ўсяго два месяцы, бо тысячы відэа з практыкаваньнямі яны зьнялі раней для плятформы feezio.

Бот @feeziobot працуе як міні-праграма ў Telegram. У ім трэба пазначыць на мужчынскай ці жаночай фігурцы чалавека зоны, якія баляць. Пасьля выбару зонаў праграма прапануе розныя курсы практыкаваньняў зь відэа і тэкставым апісаньнем.

Калі нешта незразумела, можна зьвярнуцца ў чат, дзе вам адкажа Дар’я ці яе калегі — фізіятэрапэўты і рэабілітолягі. З часам распрацоўшчыкі плянуюць ад гэтага адысьці, дадаўшы ў боце магчымасьць шукаць і знаходзіць лекараў або інструктараў па рэабілітацыі — каб карыстальнікі зьвярталіся непасрэдна да іх.

Цяпер у боце больш за 80 курсаў практыкаваньняў, неўзабаве распрацоўнікі абяцаюць дадаць яшчэ пару дзясяткаў — на запыты, якія прыйшлі ў «Фізіячат». Таксама зьбіраюцца дадаць нумараваны каталёг курсаў практыкаваньняў.

«Фізіябот» выйшаў пару тыдняў таму, у першы ж тыдзень на яго падпісаліся больш за 2 тысячы чалавек, сама меней 10% карыстальнікаў — лекары, кажуць Дзяніс і Дар’я.

Паводле іх, яны атрымалі шмат словаў падзякі ад калегаў, бо пакуль альтэрнатывы робату ў выглядзе плятформы, на якой былі б сабраныя ўсе практыкаваньні для рэабілітацыі пры розных захворваньнях, у расейскамоўным асяродзьдзі проста няма.

  • «Фізіябот» — не адзіны праект беларусаў з онлайн-мэдыцыны. На плятформе «еЗдароўе» (заблякаваны ў Беларусі сайт Okdoc.me) беларускія дактары па-ранейшаму даюць дыстанцыйныя кансультацыі на мноства тэмаў: ад галаўнога болю ці алергіі да псыхалягічнай дапамогі. Платы з пацыентаў не бяруць, але просяць ахвяраваць, хто колькі можа.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG