У выніку пажару ў жылым доме ў Сеніцы Менскага раёну загінулі двое дзяцей — 2018 і 2021 гадоў нараджэньня.
Як адзначаецца ў Telegram-канале Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі, прычыны і абставіны трагедыі высьвятляюць.
У ведамстве заклікалі бацькоў не пакідаць дзяцей без нагляду, хаваць ад іх запалкі і іншыя запальныя прадметы, тлумачыць базавыя правілы бясьпекі і правілы паводзінаў пры пажары.
Паводле папярэдняй інфармацыі Сьледчага камітэту Беларусі, увечары 14 кастрычніка бацькі загінулых дзяцей знаходзіліся ў суседнім пакоі, калі да іх падбегла дачка і паведаміла аб тым, што выпадкова падпаліла фіранку. СК заявіў, што абодва бацькі былі ў стане алькагольнага ап'яненьня.
СК завёў крымінальную справу.
Форум