Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП) зь невялікім адрывам перамагла ў першым туры выбараў у Сейм. Кансэрватары, якія кіруюць краінай цяпер, нязначна адсталі, піша BNS.
Паводле папярэдніх зьвестак Цэнтравыбаркаму, пасьля падліку галасоў на ўсіх 1947 участках сацыял-дэмакраты набралі ў шматмандатнай акрузе 19,36% галасоў і атрымалі 18 мандатаў з 70.
За партыю кансэрватараў «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» прагаласавалі 17,96% выбарнікаў, і гэта гарантавала ёй 17 месцаў у парлямэнце.
Трэцяе месца па выніках першага туру займае партыя «Nemuno aušra» («Зара над Нёманам») на чале з Рэмігіюсам Жамайтайцісам, якая ўпершыню брала ўдзел у выбарах. Яна атрымала амаль 15% галасоў і забясьпечыла сабе 14 месцаў у Сейме.
Таксама Дэмакратычны зьвяз «Vardan Lietuvos» («У імя Літвы»), які ўпершыню ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах, набраў 9,24% галасоў. Гэта гарантуе 8 месцаў у парлямэнце.
«Лібэральны рух» з 7,70% здабыў 7 мандатаў, «Зьвяз літоўскіх сялян і зялёных» з 7,02% — 6 мандатаў.
«Партыі Свабоды», якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю, не ўдалося пераадолець 5% выбарчы бар’ер, за яе прагаласавалі 4,50% выбарнікаў.
Канчатковае разьмеркаваньне мандатаў адбудзецца праз паўмесяца, 27 кастрычніка, пасьля другога туру выбараў у Сейм у большасьці аднамандатных акругаў.
- Сейм Літвы — аднапалатны парлямэнт у складзе 141 дэпутата, іх абіраюць на чатырохгадовы тэрмін паралельным галасаваньнем.
- 71 дэпутата абіраюць у аднамандатных акругах, а 70 астатніх парлямэнтароў — паводле прапарцыйнай сыстэмы.
- Выбары ў мажарытарных акругах праходзяць у два туры.
- Галасаваць на выбарах могуць усе грамадзяне Літвы, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту.
Форум