Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запушчаны «Хэзбалой» дрон-камікадзэ параніў блізу 70 чалавек у Ізраілі, 4 чалавекі загінулі

абноўлена

Машына хуткай дапамогі побач зь месцам, дзе выбухнуў дрон-камікадзэ. Біньяміна (Ізраіль), 13 кастрычніка 2024
Машына хуткай дапамогі побач зь месцам, дзе выбухнуў дрон-камікадзэ. Біньяміна (Ізраіль), 13 кастрычніка 2024

Прынамсі 67 чалавек атрымалі раненні ў выніку выбуху ўдарнага бесьпілётніка на поўначы Ізраіля. Дрон, які атакаваў населены пункт Біньяміна, быў запушчаны з тэрыторыі Лібану меркавана радыкальнай групоўкай «Хэзбала».

Channel 12 і Times of Israel пішуць пра прынамсі 67 пацярпелых, зь іх чатыры чалавекі знаходзяцца ў крытычным стане, яшчэ дзевяць — у цяжкім. Чатыры чалавекі загінулі.

Channel 12 адзначае, што ніякіх сырэнаў, якія папярэджваюць аб нападзе, не было.

Усяго па Ізраілі запусьцілі два бесьпілётнікі, адзін з іх ізраільскія вайскоўцы зьбілі, другі перахапіць не ўдалося.

За атакай стаіць «Хэзбала», паведамляюць ізраільскія мэдыя. Мэтай групоўкі, як мяркуецца, стала месца збору ізраільскіх вайскоўцаў паблізу населенага пункту.

Пазьней пра датычнасьць да атакі ў эфіры тэлеканала «Аль-Джазіра» паведаміў высокапастаўлены чалец «Хэзбалы». Паводле яго, атаку зьдзейсьніў рой дронаў.

«Хэзбала» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, а яе ваеннае крыло – у Эўразьвязе. У Лібане рух дзейнічае як легальная палітычная партыя, якая прадстаўленая ў парлямэнце.

У той жа час Міністэрства аховы здароўя Лібану 13 кастрычніка паведаміла, што ізраільскія авіяўдары па краіне напярэдадні забілі 51 чалавека, піша AFP.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG