Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: З аўкцыёну прадалі офіснае памяшканьне, якое належала Эдуарду Бабарыку


Эдуард Бабарыка ў судзе. Архіўнае фота
Эдуард Бабарыка ў судзе. Архіўнае фота

На 11 кастрычніка ў Беларусі 1291 палітвязень, прызнаны такім міжнароднай супольнасьцю. Рэальная колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў, можа быць большая.

Офіснае памяшканьне, якое належала палітвязьню Эдуарду Бабарыку, прадалі на электронным аўкцыёне. На партале продажу маёмасьці «БелЮрЗабесьпячэньне» пазначана, што офіс знаходзіцца на вуліцы Рымарскай у Менску, мае плошчу 30,9 м2, разьмешчаны на першым паверсе.

Памяшканьне прадалі за 155 445 рублёў.

У жніўні з аўкцыёну прадалі матацыкл Suzuki і аўтамабіль Mercedes-Benz, якія належалі Эдуарду Бабарыку.

Да затрыманьня ў чэрвені 2020 году Эдуард Бабарыка кіраваў ініцыятыўнай групай збору подпісаў за вылучэньне свайго бацькі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты. Раней узначальваў краўдфандынгавыя плятформы Ulej і MolaMola.

Сёлета ў ліпені Эдуарду Бабарыку прысудзілі ў новай крымінальнай справе 2 гады пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»). Справу ініцыявала 30 красавіка адміністрацыя бабруйскай папраўчай калёніі № 2, дзе Бабарыка-малодшы адбывае пакараньне.

5 ліпеня 2023 году Менскі абласны суд прысудзіў палітвязьню 8 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 3 арт. 243 («ухіленьне ад выплаты падаткаў»), ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 («саўдзел у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 («саўдзел у распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады») КК.

Эдуарда Бабарыку трымалі ў сьледчым ізалятары больш за тры гады.

У сьнежні 2023 году МУС унесьла яго ў пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці», а КДБ — у сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Віктар Бабарыка адбывае 14-гадовае пазбаўленьне волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430) і «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235). Палітык віны не прызнаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG