Затрыманьні ў Глыбокім
Зьявілася інфармацыя пра як мінімум траіх затрыманых за ўдзел у пратэстах 2020 году ў Глыбокім на Віцебшчыне, піша «Медиазона».
Відэа з затрыманымі апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал. На камэру адзін з затрыманых гаворыць, што ў жніўні ўдзельнічаў у пратэстах разам з маці. Яшчэ адзін затрыманы кажа, што перакрываў дарогу і перашкаджаў праезду транспарту.
«Медиазона» знайшла ў сацсетках аднаго з затрыманых, ён там падпісаны як Віталь Жыла. Паводле якога артыкулу затрымалі траіх жыхароў Глыбокага і дзе яны зараз знаходзяцца, невядома.
У Рагачове звольнілі і судзяць дырэктара школы
У Рагачове звольнілі з працы дырэктара сярэдняй школы № 4 Аляксандра Лейкіна, шматгадовага кіраўніка адукацыйнай установы і вядомага краязнаўца, паведаміла «Вясна».
На 11 гадзін 10 кастрычніка ў судзе Рагачоўскага раёну было заплянаванае пасяджэньне, на якім Аляксандра Лейкіна вінавацяць у распаўсюдзе, вырабе, захоўваньні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць.
Вядома, што Аляксандра Лейкіна перасьледуюць за тое, што ён ставіў падабайкі пад нейкімі пастамі ў сацыяльных сетках.