Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьцілі аб дамоўленасьці вывесьці расейскіх памежнікаў з пунктаў пропуску на армяна-іранскай мяжы да 1 студзеня 2025 году.
Як дамовіліся кіраўнікі дзяржаваў 8 кастрычніка, армянскія памежнікі будуць забясьпечваць ахову мяжы з Іранам сваімі сіламі. Расейскія сілы пакуль застануцца на ахове мяжы Армэніі й Турэччыны разам з армянскімі памежнікамі.
Дзесяцігодзьдзямі мяжу Армэніі з Турэччынай і Іранам ахоўвалі выключна расейскія войскі.
Раней Расея і Армэнія дамовіліся аб вывадзе расейскіх памежнікаў з пунктаў пропуску ў аэрапорце Ерэвану.
Новыя дамоўленасьці аб вывадзе расейскіх сілаў з Армэніі адбываюцца падчас незадаволенасьці армянскіх уладаў роляй расейскіх міратворцаў у канфлікце з Азэрбайджанам у Нагорным Карабаху.
Улады Армэніі раскрытыкавалі Расею за тое, што яна не змагла перадухіліць хуткае наступленьне Азэрбайджану ў Нагорным Карабаху ў верасьні 2023 году, якое ў выніку прывяло да аднаўленьня кантролю Баку над рэгіёнам пасьля амаль трох дзесяцігодзьдзяў панаваньня там этнічных армянаў.
Пасьля ваеннага посьпеху Азэрбайджану сэпаратысцкі ўрад этнічных армянаў у Нагорным Карабаху самараспусьціўся, што прывяло да далейшых дыскусіяў паміж Ерэванам і Баку аб усталяваньні трывалага міру.
8 кастрычніка на саміце СНД у Маскве Нікол Пашыньян заявіў, што Армэнія гатовая падпісаць праект мірнага пагадненьня з Азэрбайджанам да канца месяца.
Прапанаванае пагадненьне ўключае ўзаемнае прызнаньне тэрытарыяльнай цэласьці, абавязаньні ўстрымлівацца ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў і ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы, усталяваньне дыпляматычных дачыненьняў, што азначае патэнцыйнае развязаньне даўняга канфлікту паміж жорсткімі супернікамі.
Экспэрты перакананыя, што гэта стане важным крокам да стабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне пасля шматгадовай напружанасьці.
Форум