У пункце пропуску Беняконі на мяжы зь Літвой з 8 кастрычніка па 18 лістапада грузавікі будуць рухацца па адной паласе зь легкавым транспартам, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Ведамства адзначыла, што гэта зьвязана з заменай цэмэнтабэтоннага пакрыцьця ўязной паласы для руху грузавога транспарту. Рамонт «можа адбіцца на часе перасячэньня мяжы».
Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэта, 8 кастрычніка ў 8:00 выезду зь Беларусі празь Беняконі (зь літоўскага боку — Салечнікі) чакала 640 грузавікоў, у 10:00 — 630. Чаргі легкавікоў няма.
Памежнае ведамства пастаянна абвінавачвае літоўскі бок у зацягваньні афармленьня грузавых аўтамабіляў. Паводле інфармацыі Дзяржпамежкамітэту, 5-6 кастрычніка ў пункце Салечнікі было аформлена 45% нормы грузавікоў.
8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
Легкавыя аўтамабілі зь беларускай рэгістрацыяй могуць уехаць у Літву, калі яны не прызначаны для продажу і належаць грамадзянам Беларусі, якія маюць сапраўдную літоўскую візу або дазвол на жыхарства ў гэтай дзяржаве (часовы або пастаянны). Пры перасячэньні мяжы транспартам павінен кіраваць уладальнік.
Гэтае выключэньне не распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах.
Таксама дазволены ўезд аўтамабілям, якія не прызначаны для продажу і належаць грамадзянам дзяржаў ЭЗ, якія пражываюць у Беларусі. У гэтым выпадку ўладальнік таксама павінен кіраваць транспартным сродкам «выключна для асабістага карыстаньня».
Пасьля 18 студзеня 2025 году аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, ня змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Літвы.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.
Форум