Польшча пачне будаўніцтва першых элемэнтаў праграмы абароны «Ўсходні шчыт» на межах зь Беларусьсю і Расеяй ужо ў канцы 2024 году, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 4 кастрычніка намесьнік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык.
«У бліжэйшыя 3 тыдні мы ўжо зможам правесьці першыя выпрабаваньні элемэнтаў „Усходняга шчыта“ на польскіх вайсковых палігонах, а ў канцы гэтага году мы пачнем будаўніцтва першых элемэнтаў на паўночнай і ўсходняй мяжы Польшчы», — удакладніў ён.
У праграму абароны «Ўсходні шчыт» уваходзіць будаўніцтва ўмацаваньняў, а таксама натуральных перашкодаў на мясцовасьці на межах зь Беларусьсю і Расеяй. Паводле ранейшай інфармацыі польскіх СМІ, на некаторых участках мяркуецца разьмяшчэньне мінных палёў, фізычных бар’ераў па тыпе бэтонных супрацьтанкавых «вожыкаў» і ліній абароны з бэтоннымі блёкамі.
Сыстэма «Ўсходні шчыт» ахопіць Паморскае, Вармінска-Мазурскае, Люблінскае, Падляскае і Падкарпацкае ваяводзтвы Польшчы.
Будаўніцтва будзе каштаваць Польшчы каля 10 мільярдаў злотых (каля 2,5 мільярдаў даляраў).
У будаўніцтве будуць удзельнічаць брытанскія і амэрыканскія войскі, Літва, Латвія, Эстонія. Праект плянуюць завяршыць да 2028 году.
«Мы хочам, каб усходняя і паўночная мяжа Польшчы была ня толькі найлепшай умацаванай мяжой у Эўропе, але і самай сучаснай мяжой у Эўропе», — заявіў намесьнік міністра абароны.
Форум