Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады назад Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Ён у турме больш як тры гады


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота.
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота.

7 кастрычніка 2022 году Нобэлеўскі камітэт прысудзіў Нобэлеўскую прэмію міру зьняволенаму кіраўніку беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму і прадстаўнікам праваабарончых арганізацыяў Расеі і Ўкраіны.

Нобэлеўскі камітэт тады адзначыў:

«Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзьнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Ён прысьвяціў сваё жыцьцё прасоўваньню дэмакратыі і мірнага разьвіцьця ў сваёй краіне. Сярод іншага, ён заснаваў арганізацыю „Вясна“ ў 1996 годзе ў адказ на спрэчныя канстытуцыйныя папраўкі, якія далі прэзыдэнту дыктатарскія паўнамоцтвы і выклікалі масавыя дэманстрацыі. „Вясна“ аказала падтрымку зьняволеным дэманстрантам і іх сем’ям. У наступныя гады „Вясна“ ператварылася ў праваабарончую арганізацыю шырокага профілю, якая дакумэнтавала і пратэставала супраць ужываньня ўладамі катаваньняў у дачыненьні да палітвязьняў.

Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць Алеся Бяляцкага замаўчаць. З 2011 па 2014 гады ён знаходзіўся ў зьняволеньні. Пасьля масавых дэманстрацый супраць рэжыму ў 2020 годзе яго зноў арыштавалі. Ён дагэтуль знаходзіцца пад вартай без суду. Нягледзячы на велізарныя асабістыя цяжкасьці, спадар Бяляцкі не саступіў ні на сантымэтар у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».

За 25 гадоў сваёй дзейнасьці Бяляцкі адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.

За актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць Бяляцкага прыцягвалі да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. 14 ліпеня 2021 году яго чарговы раз затрымалі паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.

3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.

З моманту арышту Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны зь сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам. Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 9 у Горках. Прызнаны палітычным вязьнем. Былы палітвязень Руслан Акостка, які больш за год правёў у калёніі строгага рэжыму ў Горках, дзе трымаюць Алеся Бяляцкага, расказаў «Нашай Ніве» напачатку кастрычніка сёлета, што праваабаронцу часта кідаюць у штрафны ізалятар, трапляў ён і ў ПКТ. Супрацоўнікі калёніі караюць Бяляцкага за дробныя надуманыя парушэньні.

«На яго таксама складаюць акты за парушэньні — за пыл за тумбачкай, за ручнік на нарах ці за адзеньне на спальным месцы», — расказаў Руслан Акостка, які вызваліўся ў ліпені 2024 году і выехаў зь Беларусі.

Ён таксама адзначыў, што Бяляцкі «вельмі схуднеў», і растлумачыў гэта цяжкай фізычнай нагрузкай у калёніі і вельмі бедным рацыёнам харчаваньня. Пры гэтым магчымасьць купляць прадукты на ўласныя грошы ў краме калёніі для палітвязьняў вельмі абмежаваная: на іх ціснуць і тым, што скарачаюць сумы, якія дазволена патраціць у краме.

«Калі ў зьняволенага быццам усё нармальна з паводзінамі, то яму дазваляюць закупляцца на 4 базавыя велічыні. Такім „злосным парушальнікам“, як я, — усяго на 2 базавыя», — кажа Акостка і адзначае, што Бяляцкага ў калёніі таксама лічаць «злосным парушальнікам».

Паводле былога палітвязьня, адчувае сабе Алесь Бяляцкі «больш-менш нармальна», але захаваць здароўе ва ўмовах калёніі «даволі складана».

У красавіку сёлета жонка Бяляцкага Натальля Пінчук у інтэрвію Associated Press расказала пра асьцярогі наконт здароўя мужа. Яна адзначыла, што апошнія паўгода праваабаронца знаходзіцца ў адзіночнай камэры, нягледзячы на хранічныя захворваньні. «Ад людзей, якія выйшлі з турмы, я даведалася, што стан Алеся працягвае пагаршацца і ён не атрымлівае некаторыя неабходныя яму лекі», — паведаміла яна.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG