Забарону на імпарт асобных тавараў зь Літвы ўвялі пастановай Савету міністраў № 182 ад 14 сакавіка 2024 году. Пачаткова забарона дзейнічала з 1 красавіка па 1 кастрычніка, цяпер яе падоўжылі, назваўшы гэты крок «вымушанай мерай беларускага боку для забесьпячэньня абароны нацыянальных інтарэсаў і рэагаваньня на недружалюбныя дзеяньні» Літвы.
Згодна з пастановай, праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы забаронена ўвозіць у Беларусь (для рэалізацыі ці спажываньня) ваду, піва, віны, вінаграднае сусла, вэрмуты, іншыя зброджаныя напоі , этылавы сьпірт, воцат, шыны і апоны пнэўматычныя гумовыя, ужываныя адзеньне й іншыя вырабы, а таксама ўжываныя часткі й рыштунак транспартных сродкаў.
Краіна паходжаньня тавараў значэньня ня мае.
- 18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю надалей працуюць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- 30 верасьня на паседжаньні Нацыянальнай камісіі бясьпекі Літвы было заяўлена, што Літва плянуе яшчэ больш скараціць транспартныя плыні церазь мяжу зь Беларусьсю.
Форум