Увоз тавараў у Беларусь з краінаў Эўразьвязу ў 2023 годзе ў параўнаньні з 2021 годам скараціўся больш як на 56%, паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандар Нісьцюк, яго цытуе «Позірк».
Паводле яго, за той жа час імпарт з усходу павялічыўся ў 2,3 раза.
Пры гэтым вываз тавараў зь Беларусі ў заходнім кірунку ў 2023 годзе ў параўнаньні з 2021 годам скараціўся ў 11,5 раза, а ўва ўсходнім — вырас у 22 разы, паведаміў прадстаўнік ведамства.
На думку Нісьцюка, адбыліся «вельмі паказальныя зьмены», зьвязаныя з «уплывам заходніх санкцыяў».
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю надалей працуюць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Пасьля палітычна матываванага прысуду журналісту і актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
- 19 верасьня 2023 году з прычыны росту плыні нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілэнэ (Урбаны).
Форум