Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная фэдэрацыя дужаньня зьмякчыла крытэры допуску беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў


Ілюстрацыйнае фота. Беларускі спартовец Махамедхабіб Кадымахамедаў супраць расейца Заўрбека Сідакова на Алімпійскіх гульнях у Токіё, 2020
Ілюстрацыйнае фота. Беларускі спартовец Махамедхабіб Кадымахамедаў супраць расейца Заўрбека Сідакова на Алімпійскіх гульнях у Токіё, 2020

Для спартоўцаў Беларусі і Расеі абнавілі крытэры допуску да будучых спаборніцтваў. Адпаведнае рашэньне прынялі на пасяджэньні Бюро Аб’яднанага сьвету дужаньня (UWW), паведамляецца на сайце UWW.

«Для будучых турніраў UWW толькі доказы прамога ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне або публічныя заявы (у пісьмовай або вуснай форме) у падтрымку вайны і/або яе арганізатараў або ўдзельнікаў будуць разглядацца як падстава прызнаць, што спартовец ня мае права ўдзельнічаць у спаборніцтвах», — сказана ў прэс-рэлізе.

Таксама UWW у адпаведнасьці з новымі крытэрамі перагледзіць усе выпадкі спартоўцаў, не дапушчаных раней да ўдзелу ў спаборніцтвах.

Пры гэтым беларускія і расейскія спартоўцы працягнуць выступаць на спаборніцтвах у якасьці нэўтральных індывідуальных спартоўцаў, гэта значыць бяз гімна, сьцяга, герба ці іншых сымбаляў нацыянальнай прыналежнасьці.

З красавіка 2023 году UWW прыняла рашэньне дапускаць да ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў згодна з крытэрамі Міжнароднага алімпійскага камітэту: у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў і пры ўмове, каб яны не заяўлялі, што падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне, і калі яны ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

  • Раней спэцыяльная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэту, якая займалася праверкай атлетаў на адпаведнасьць нэўтральнаму статусу, не дапусьціла да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы некалькі беларускіх дужаньнікаў. У зацьверджаным МАК сьпісе не аказалася наймацнейшых і тытулаваных атлетаў, якія раней заваявалі алімпійскія ліцэнзіі: гэта Магамедхабіб Кадымагамедаў, Аляксандар Гуштын, Павал Глінчук, Вераніка Іванова, Ванеса Каладзінская. Прычыны нядопуску беларускіх спартоўцаў не агучваліся.
  • У апошні момант камісія МАК, перагледзеўшы справу, дапусьціла на Алімпіяду Магамедхабіба Кадзімагамамедава. На Алімпіядзе ён заняў 9-е месца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG