Вядомая нямецкая кампанія Сarl Zeiss выйшла з супольнага зь Беларускім оптыка-мэханічным аб’яднаньнем прадпрыемства «Цэйс-БелОМА», у якім мела 60 адсоткаў акцый.
Як паведаміла выданьне planbmedia.io, кампанія Сarl Zeiss была ў першай дзясятцы вялікіх нямецкіх бізнэсаў, якія арганізавалі ў 1990-х вытворчасьць на тэрыторыі Беларусі.
Створанае ў 1995 годзе супольнае прадпрыемства вырабляла лінзы, мэханічныя кампанэнты, мікраскопы і мэдычныя прыборы, атрымальнікамі якіх былі заводы Сarl Zeiss у Нямеччыне, ЗША і Францыі.
Як піша выданьне, кампанія вымушана была выйсьці зь Беларусі пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам сёлета ў чэрвені санкцый супраць іх шматгадовага партнэра, Беларускага оптыка-мэханічнага аб’яднаньня (БелОМА).
«На піку вытворчасьці было занята каля 400 чалавек. Па грашах, укладзеных у супольнае прадпрыемства, і аб’ёмах прадукцыі, што выраблялася, на інвэстыцыйнай мапе „Цэйс-БелОМА“ быў серадняком. Але ягоны колішні генэральны дырэктар Увэ Кэлер фактычна стаў дуаенам усіх замежных інвэстараў у Беларусі. Пры яго актыўным удзеле стварылі і Кансультацыйную раду ў замежных інвэстыцыях пры беларускім урадзе, якая доўгі час дастаткова эфэктыўна функцыянавала», — нагадала выданьне.
Разам з тым, як адзначаецца ў публікацыі, у Беларусі працягваюць працаваць іншыя нямецкія кампаніі — Henkel, BASF, Bayer, Remondis. «Некаторыя пад новымі імёнамі. Сетка аптычных салёнаў Fielmann (па „ўзросьце“ ў Беларусі яна на пару гадоў старэйшая за Сarl Zeiss), напрыклад, лёгкім рухам рукі нейкага нэймэра стала сеткай Fielin», — паведаміла выданьне.
Паводле зьвестак выданьня, Нямеччына дагэтуль займае сёмае месца сярод замежных інвэстараў з 427,2 мільёна даляраў прамых інвэстыцый у эканоміку Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку ўварваньня, зь беларускай тэрыторыі запускалі балістычныя ракеты па Ўкраіне, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты з паветранай прасторы Беларусі.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
Форум