У Баку знаходзіцца і беларуская дэлегацыя, якую ачольвае начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл – першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка.
Як паведаміла дзяржаўнае азэрбайджанскае агенцтва AZƏRTAC, Паўла Муравейку запрасіў міністар абароны Азэрбайджану Закір Гасанаў для ўдзелу ў пятай міжнароднай абароннай выстаўцы ADEX.
Беларускі павільён на выстаўцы, згодна з паведамленьнем Міністэрства абароны Азэрбайджану, прадстаўляе дзяржаўнае замежнагандлёвае прадпрыемства «Белспэцзьнештэхніка». Беларусь прадставіла гранатамётныя і супрацьтанкавыя комплексы, стралковую зброю і аптычныя прыборы для бранятэхнікі, макеты мадэрнізаваных рэактыўных сыстэм залпавага агню, радыёстанцыі, а таксама макеты тэхнікі супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы.
Беларускі павільён наведаў прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў.
Сярод удзельнікаў выстаўкі — кампаніі абароннага сэктару ЗША, Турэччыны, Расеі, Ірану, Баўгарыі, Кітаю, Францыі, Італіі, Нідэрляндаў, Вугоршчыны, Румыніі, Сынгапуру, Катару, Славаччыны і Ўкраіны.
У прэсавай службе Міністэрства абароны Азэрбайджану паведамілі, што ў межах візыту Паўла Муравейкі адбудзецца «шэраг сустрэч для абмеркаваньня стану і пэрспэктыў разьвіцьця вайсковай супрацы паміж Азэрбайджанам і Беларусьсю».
У 2018 годзе Беларусь і Азэрбайджан падпісалі кантракт аб пастаўцы 10 рэактыўных сыстэмаў залпавага агню «Палянэз». За іх Азэрбайджан заплаціў 160 мільёнаў даляраў, прычым усе грошы былі пералічаныя перадаплатай. Пазьней гэтае ўзбраеньне выкарыстоўвалася для абстрэлу Нагорнага Карабаху, які Азэрбайджан узяў пад кантроль увосень 2023 году.
Сёлета ў траўні прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян абвінаваціў «мінімум дзьве краіны АДКБ» у рыхтаваньні вайны супраць сваёй краіны. Пашыньян не ўдакладніў, якія краіны меў на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку. Ён адзначыў, што «мэтаю 44-дзённай вайны было спыненьне існаваньня Армэніі».
Форум